Амерыканскага весланоса пачалі разводзіць на Вілейшчыне

23 апреля 2019

Рэдкая рыба - у водах Мінскай вобласці! Амерыканскага весланоса пачалі разводзіць на Вілейшчыне. У жывой прыродзе рыба з атрада асятровых жыве ў рацэ Місісіпі. А сёння ў Вілейскім рыбгасе вылавілі і перасялілі першую папуляцыю. Малькоў у сажалкі гаспадаркі запусцілі 15 гадоў таму. Рыба вырасла і гатова даць першае патомства. Яе перадалі рыбгасам нашай краіны для далейшага вырошчвання.

Калі ж філе і чорная ікра весланоса з'явіцца на прылаўках беларускіх магазінаў, ведае Наталля Кезік. 170 весланосаў сёння з дапамогай рыбацкай сеткі вылавілі ў сажалках Вілейскага рыбгаса. Але працавалі спецыялісты даволі хутка - змена тэмпературы і дотык рук чалавека - сапраўдны стрэс для рэдкага віду рыбы. Весланос - рыба з атрада асятровых, у прыродзе жыве ў рацэ Місісіпі і з’яўляецца нават прадаўжальнікам папуляцыі дыназаўраў.

За год весланос падрастае на тры-чатыры кілаграмы. Дарослая рыба важыць амаль тону. Харчуецца заапланктонам. Каб сабраць корм, яна плавае з адкрытай сківіцай, здабычу фільтруе праз жабры. Пятнаццаць гадоў таму ў гэты рыбгас весланоса завезлі ў выглядзе малькоў. Зараз гэта рыба дасягае паўтара метра ў даўжыню і прыкладна трыццаць кілаграмаў вагой.
Перад засяленнем у вадаёмы усіх асобін весланоса чыпіравалі. Электронныя прыстасаванні дапамагалі сачыць за развіццём і ростам статка на працягу дзясятка гадоў. Сёння пры адлове - кантрольнае даследаванне - з дапамогай ультрагукавога апарата спецыялісты вызначылі самак і самцоў, а таксама ступень іх спеласці.

Дарослых самак адправяць у эксперыментальную сажалку для атрымання патомства маленькіх весланосаў. Астатнія асобіны будуць гадавацца ў летніх альбо «нагульных» вадаёмах. Яшчэ 50 асобін сёння адправіліся ў іншыя рыбныя гаспадаркі краіны. Адзіная небяспека для весланоса – чайкі. Птушкі імгненна знішчаюць малькоў, якія жывуць пераважна на паверхні воднай роўнядзі. Спецыялісты запэўніваюць, што калі далейшае развядзенне весланоса ў рыбных гаспадарках будзе прадуктыўным, на прылаўках магазінаў гэта асятровая рыба з’явіцца праз чатыры-пяць гадоў. І стане выдатнай альтэрнатывай таўсталобіку.