Такіх садкоў у Мінску пакуль восем. З часам іх стане больш. Гарадскія ўлады гатовыя падаць для арэнды шэсць памяшканняў. Антаніна Станкевіч працягне тэму.
На першы погляд, гэта зусім звычайны дзіцячы садок. Кідаецца ў вочы хіба што адна дэталь - кодавы электронны замок. І ўсіх гасцей - дзеці і педагогі носяць зменны абутак - просяць надзець бахілы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, як і ў кожным дзіцячым садку, з інтарэсам ставяцца да гасцей са складанай тэхнікай і адразу ж запрашаюць у сваю гульню.
Сняданак, заняткі - у каго музыка, у каго замежная мова, - потым прагулка, сон, а там ўжо і бацькі пачнуць забіраць дзяцей дадому. Звычайны расклад. Вось толькі кошт паслугі ў такой установе адрозніваецца ад кошту звычайнага садка ў разы. Адпаведна якасць выхавання і адукацыі, сцвярджаюць тут.
Зараз у сталіцы ўсяго 8 прыватных садкоў. Для мегаполіса зусім няшмат. Тым больш што горад зацікаўлены ў такой форме супрацоўніцтва з бізнесам. Ужо сёння, напрыклад, сталіца прапаноўвае шэсць памяшканняў для арэнды, а таксама зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва з нуля.
На такі від дзейнасці не патрэбна ліцэнзія. Праўда, выконваць стандарты беларускай адукацыйнай праграмы ўсё ж такі трэба, але ўжо як гэта рабіць, вырашаюць самі педагогі.
Як адкрыць прыватны дзіцячы садок, ці атрымліваюць бізнесмены пэўныя льготы і колькі каштуе месяц знаходжання ў недзяржаўным садку? Глядзіце ў нашай выніковай праграме “Твой горад” у нядзелю днём.













