"Алеся" будуе трэцюю лінію Мінскага метрапалітэна

27 января 2017

Актыўна ўкараняюцца найноўшыя распрацоўкі пры ўзвядзенні аб'ектаў стратэгічнага прызначэння, такіх, напрыклад, як метро. Так, трэцюю лінію Мінскага метрапалітэна будуе тунэлепраходчы комплекс з мілавіднай назвай "Алеся". Зараз шчыт капае зямлю ў літаральным сэнсе пасярэдзіне дзвюх плошчаў - Францішка Багушэвіча і Юбілейнай. Апошняя стане самай глыбокай станцыяй. Пакуль нашы будаўнікі ідуць згодна з планам, амерыканскі бізнесмен Ілон Маск закручвае гіперпятлю. Згодна з гэтым праектам, праз Мінск пройдзе сусветнае метро. Што ж адбываецца на 25-метровай глыбіне? Ведае Наталля Тарасюк.

"Алеся" працуе кругласутачна на перагоне паміж будучымі станцыямі метро "Плошча Францішка Багушэвіча" і "Юбілейная плошча". Тунэлепраходчы комплекс родам з Францыі, але па традыцыі імя яму далі звыклае для Беларусі. Даўжыня механізаванага шчыта - каля 100 метраў. Важыць уся гэтая канструкцыя – больш за 500 тон.

Шчыт не толькі капае, але і ўкладвае кольцы. Ужо ляжыць 937 штук. Мантаж такіх блокаў займае 15-20 хвілін

Дзяніс Дзераза, намеснік начальніка ўчастка № 6 тунэльнага атрада № 1 УП "Мінскметрабуд": "Вось гэтыя кольцы - гэта высокатрывалае аздабленне, якое мы самі вырабляем на сваім жа заводзе ЖБВ. Тампанажны раствор таксама незалежна ад таго, што нам імпартныя прапаноўвалі, мы ўсё гэта зрабілі, распрацавалі таксама сваімі сіламі на нашым заводзе ЖБВ".

“Юбілейная” стане самай глыбокай станцыяй. З-за рэльефу будаўнікам прыйдзецца сысці на глыбіню каля 30 метраў. У плане геалогіі трэцяя лінія метро не самая простая. Грунт неаднастайны: то пясок, то валуны.

"Алеся" толькі гучыць рамантычна і ласкава, а насамрэч гэта суровае і цягавітае абсталяванне. Шчыт капае зямлю наступным чынам: ротар круціцца, туды ж падаецца пенны рэагент, які разбаўляе пароду, робіць яе больш пластычнай, каб кручэнне ротара не спынялася. Грунт па транспарцёрнай стужцы трапляе ў ваганеткі. А вось хуткасць праходкі складае 10 метраў за суткі.

Каб знайсці "Алесю" пад зямлёй, нашай здымачнай групе давялося ісці больш за кіламетр пешкі. Уверсе тунэля - вялікая труба для нагнятання паветра, святлодыёднае асвятленне. Усё гэта ў канцы будоўлі прыбяруць. А вось на станцыю "Кавальская слабада" мы зайшлі праз аварыйны ўваход. Тупікі, венткамера ўжо гатовыя. У вестыбюлі ідзе аздабленне. Можна пастаяць і на платформе.

Уладзімір Кузняцоў будуе метро з 1982 года. У рабочым партфоліа - "Плошча Перамогі", "Уручча", "Малінаўка", "Спартыўная" і "Грушаўка". Распавядае, што "Кавальскую слабаду" не будавалі механізаваным шчытом, але менавіта тут разгорнецца "Алеся" і зноў пойдзе на глыбіню. "Кавальская слабада" будзе тупіковай. У будучыні ад яе пойдзе тунэль да "Аэрадромнай".

Цікава, што пракласці сваю ветку метро праз Мінск і нават зрабіць беларускую сталіцу міжнароднай перасадачнай станцыяй мае намер амерыканскі мільярдэр і вынаходца Ілон Маск. Замест вагонаў пад зямлёй вазіць пасажыраў будуць капсулы з хуткасцю да 1200 км/г. Метрабудаўцы аб такіх амбіцыйных планах пакуль не чулі. Пакуль гэты праект застаецца на паперы. Рэальная сталічная падземка толькі ў 2016 перавезла 291 мільён пасажыраў. Гэта больш за 40 % ад усіх гарадскіх перавозак. Калі ж гаварыць пра самую шматлюдную станцыю, то ў лідарах "Плошча Леніна" - 61 тысяча пасажыраў за суткі. А вось самыя спакойныя - "Купалаўская" і "Першамайская": менш за 9 тысяч чалавек.