Аляксандра Герасіменя правяла чэмпіёнскую трэніроўку ў аграгарадку Сноў

7 февраля 2017

Што ўжываюць у ежу чэмпіёны і ці ёсць унутры алімпійскага медаля шакалад? Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Рыа Аляксандра Герасіменя трапіла на прэс-канферэнцыю ў аграгарадок Сноў. Замест журналістаў гісторыяй жыцця і поспехаў знакамітай спартсменкі цікавіліся маленькія выхаванцы мясцовай школы плавання. Аляксандра сваім прыкладам падбадзёрыла спартсменаў-пачаткоўцаў, заклікала заўсёды верыць у свае сілы, расказала, з якімі складанасцямі сутыкалася ў пачатку сваёй спартыўнай кар'еры.

Аляксандра Герасіменя, бронзавы прызёр Алімпіяды-2016 па плаванні: "Часам сустракаюся з людзьмі, якім давала парады, і яны вельмі дзякуюць, гавораць, што дапамагло, і гэта выдатна, дзеля гэтага я гатовая заўсёды ездзіць і гутарыць з дзецьмі. Самае незвычайнае пытанне, якое я чула, гэта спыталі, якой я была ў школе. Гэта значыць, не як вучылася, а якая была - хуліганка або старанная".

Акрамя таго, Аляксандра Герасіменя прымерыла на сябе і вобраз дзіцячага трэнера: ладзіла для дзятвы размінку па праграме нацыянальнай зборнай і кожнаму дала прафесійныя парады. Дарэчы, менавіта шматразовая чэмпіёнка свету па плаванні натхніла большасць з мясцовых дзяцей заняцца плаваннем прафесійна.

Таксама чэмпіёнскую трэніроўку наведалі і спартсмены-пачаткоўцы з Клецка - туды Аляксандра адправілася адразу з Нясвіжскага раёна. Да гэтага вядомая спартсменка дала яшчэ 15 майстар-класаў выхаванцам спартыўных школ з усёй краіны.