Беларусь зацікаўленая ў забеспячэнні міру ў Еўропе - аб гэтым сёння, выступаючы з трыбуны Х Маскоўскай канферэнцыі па бяспецы, заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі. Як адзначыў Аляксандр Вальфовіч, НАТА працягвае нарошчваць свой ваенны патэнцыял ля ўсходніх межаў, а ЗША напампоўваць Украіну зброяй. Захад ужо не ўтойвае, што зацікаўлены ў тым, каб канфлікт ва Украіне працягваўся. І гэта толькі падаграе градус палітычнай напружанасці. Беларусь не раз выступала з рознымі ініцыятывамі па будаўніцтве новай архітэктуры рэгіянальнай бяспекі. Сёння проста неабходна знаходзіць новыя падыходы супрацоўніцтва ў пытаннях знешняй палітыкі з усімі дзяржавамі, якія гатовыя да дыялогу. Вельмі важна абмяркоўваць праблемы на такіх міжнародных пляцоўках, як ААН, АБСЕ, АДКБ, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва і сумесна знаходзіць шляхі для ўмацавання бяспекі нашых краін.
На форуме таксама абмяркоўвалі пытанні бяспекі ў Афрыцы, Азіі, на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы. Канферэнцыя сабрала больш як 700 удзельнікаў. Гэта міністры абароны, начальнікі генеральных штабоў, дэлегацыі ваенных ведамстваў, прадстаўнікі экспертнай супольнасці з розных дзяржаў, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый.













