Аляксандр Турчын зацверджаны на пасадзе старшыні Мінаблвыканкама

4 декабря 2019
Самы малады губернатар за ўсю гісторыю гэтай пасады ў Беларусі сёння пачынае выконваць свае абавязкі

Дэпутаты Мінаблсавета зацвердзілі 44-гадовага Аляксандра Турчына старшынёй Мінаблвыканкама. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта прадставіла яго  як чалавека з вялікім кіраўніцкім вопытам, які прайшоў усе прыступкі кар'ернага і прафесійнага росту. Усе праблемы Міншчыны новаму губернатару добра вядомыя. У паслужным спісе Аляксандра Турчына  пяць гадоў працы ў выканкаме рэгіёна. Менавіта гэты плацдарм стаў адпраўным пунктам да пасады віцэ-прэм'ера (гэта яго папярэдняе месца працы). 

Задачы новага губернатара


У нарадзе з актывам рэгіёна прыняў удзел і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы абазначыў самыя вострыя пытанні, якія трэба вырашыць у найбліжэйшы час. Першая з ключавых задач на новым этапе - навесці парадак у кадравай сферы. У вобласці  47 вакансій узроўню райвыканкамаў і вышэй. А ад складу кіраўніцкай вертыкалі напрамую  залежыць эканоміка рэгіёна,  адзначае Прэзідэнт. А таксама  засяроджвае ўвагу на зарплатах, рабочых месцах, развіцці бізнесу, раўнамерным развіцці вобласці. У гэтым, дарэчы, павінны дапамагчы як прадпрымальнікі з глыбінкі, так і інвестары. Самыя буйныя іх праекты  таксама павінны быць на асаблівым кантролі.

Рэгіён адказнасці


У цэлым жа новаму губернатару ў кіраванне дадзены найбуйнейшы рэгіён. У вобласці пражывае амаль паўтара мільёна чалавек. ВУП Міншчыны расце самымі высокімі ў краіне тэмпамі, і па сутнасці гэтая вобласць адзіная, дзе выконваецца патрабаванне Прэзідэнта аб апераджальным эканамічным росце. І гэта толькі дадатковая адказнасць кіраўніка, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Што да  папярэдняга губернатара  Анатоля Ісачанкі,  Прэзідэнт хацеў бы бачыць яго на працы ў верхняй палаце парламента. Такое рашэнне можа быць прынята ў найбліжэйшы час.