Аляксандр Лукашэнка займаўся добраўпарадкаваннем і азеляненнем у аграгарадку Александрыя

17 апреля 2021

Здароўе людзей, аднаўленне мемарыялаў, мясцін воінскай славы, добраўпарадкаванне гарадоў і пасёлкаў - вось так размяркуюць заробленае сёння беларусамі. У краіне прайшоў агульнарэспубліканскі суботнік. Чысціня - беларускі брэнд. Яшчэ і таму гэтая суботняя традыцыя па навядзенні і падтрыманні парадку аб'ядноўвае мільёны беларусаў. І нават Прэзідэнт у гэты дзень звычайны працаўнік. Сёння Аляксандр Лукашэнка пабываў на сваёй малой радзіме - у аграгарадку Александрыя, дзе разам з сынамі займаўся добраўпарадкаваннем і азеляненнем. У памочніках і ўсе тыя, хто працуе з кіраўніком дзяржавы практычна штодня: на афіцыйных сустрэчах, нарадах, выязных мерапрыемствах. І суботнік не стаў выключэннем.

Вольга Анішчанка пра добрыя справы не дзеля грошай. Гэта маляўнічыя мясціны Шклоўскага раёна. Утульны аграгарадок, які візітамі асоб такога высокага ўзроўню не здзівіць. Бадай, толькі сюды можна прыехаць проста так, па поклічы сэрца, без картэжаў і суправаджэння міністраў. І ў гэтым няма ніякага сакрэту: Александрыя - гэта вытокі. А каб вярнуцца на малую радзіму, не патрэбныя аргументы. Хіба што суботнік.

Малая радзіма Прэзідэнта

Мост над Дняпром і праўда скрыжаванне. На стыку двух пасёлкаў і дзвюх абласцей - Копысі і Александрыі, Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Менавіта сюды калісьці вялі гандлёвыя шляхі "з вараг у грэкі". Не падзяляць, а аб'ядноўваць, не руйнаваць, а будаваць. Каму, як не беларусам, ведаць пра каштоўнасці добрасуседства? Александрыя нібы сімвал стварэння. А тым, каму падабаюцца тутэйшыя мясціны, заўсёды зялёнае святло. Стаіць задача ў такіх населеных пунктах за мінімальны кошт выдзяляць участкі для тых, хто хоча пабудаваць сабе дом. Так павінна быць усюды. Але паглядзім, ці так гэта. Сёння ўсё па правілах. На старце справы дадуць... не, не лапаты. Інструктара.

Такая працоўная субота ў Александрыі ўжо не ўпершыню. Тут унікальныя прыродныя мясціны, пра якія складалі легенды. Суботнікі толькі дадалі славы. І пра Трафімаву крыніцу, што дае сілы і здароўе, вядома ў любым кутку Беларусі. Калісьці шлях да крыніцы быў цярністым. Але варта было прыкласці намаганні ў рабочую суботу - і тутэйшыя мясціны змяніліся. Зараз сюды не зарастае народная сцежка. І вось у Александрыі зноў працоўны дэсант.

Фестывальная слава Александрыі

Хто не ведае пра Александрыю, якая яшчэ і сяброў збірае? Тут кожнае лета фестываляць. Ды так, што чуюць далёка за межамі. Гэта сюды, на маляўнічы бераг Дняпра, вось ужо які год прыязджаюць па купальскія цуды. Фестывалю вельмі хутка стала цесна ў рэгіянальным фармаце. І як тут не прыехаць, калі форум нібы магніт для славян? Самабытна, гасцінна, заўсёды смачна. Па-іншаму тут проста не ўмеюць.

Тысячы артыстаў і майстроў. Дзясяткі тысяч гасцей. Што ні лета, то новы рэкорд. Але ці будзе рэкорд сёння?

Прэзідэнт узяў удзел у суботніку

Каля сотні рабін, дубоў, ліп і кустоў. І справа б відавочна зацягнулася, але ніхто не застаўся ўбаку. Прэзідэнт з сынамі і сярод тых, з кім працуе ледзь не кожны дзень. На фестывальнай пляцоўцы з самай раніцы адбывалася тое, што можна назваць зямнымі метамарфозамі. Ператварэнне роднага краю руплівай рукой гаспадара, якім сёння мог сябе адчуць кожны, хто прыклаў сваю руку.

Калі справа па душы - заўсёды лёгка. А ў адзінстве - сіла. І зусім не выпадкова так супала, скажа Прэзідэнт, што ў Год народнага адзінства трымае шлях у мясціны, якіх няма даражэй.