Аляксандр Косінец расказаў журналістам пра "Даніелу"

13 января 2016

Цыклон "Даніела" сёння пакінуў нашу краіну. І хаця стыхія перайшла на тэрыторыю Расіі, усё ж Беларусь яшчэ пад яе ўплывам. Аднак, як абяцаюць улады, наступствы цыклону будуць ліквідаваныя аператыўна. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што ў Беларусі ўжо зроблена ўсё неабходнае для функцыянавання транспарту і пуцеправодаў. Для пераадолення наступстваў снегападаў мабілізаваныя значныя людскія і матэрыяльныя рэсурсы. Па ўсёй краіне задзейнічана 5 тысяч адзінак спецыяльнай тэхнікі. Арганізацыі спажыўкааперацыі дастаўляюць прадукты ва ўсе населеныя пункты. Клопатам акружаныя і адзінокія людзі. У той жа час праблемы з наступствамі ўчарашняй завеі яшчэ застаюцца. І як падкрэсліў Аляксандр Косінец, будзе сур'ёзная размова і разбор памылак.

Нагадаем, напярэдадні аб прыроднай анамаліі гаварылі і ў Палацы Рэспублікі, дзе адбылося ўручэнне прэмій "За духоўнае адраджэнне" і Спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка, павіншаваўшы лаўрэатаў, не абмінуў увагай і выклік, які кінула нам надвор'е. Вядома, вялікі снег зімой абяцае добры ўраджай летам. Аднак завея не павінна паралізаваць жыццё ні ў вялікіх гарадах, ні ў сёлах. Прэзідэнт папрасіў усіх беларусаў падключыцца да расчысткі снежных намецяў. Кіраўнік дзяржавы даручыў прэм'ер-міністру Андрэю Кабякову і кіраўніку Адміністрацыі Аляксандру Косінцу ўзяць сітуацыю на кантроль.

Кіраўнік дзяржавы ўжо ў пятніцу мае намер заслухаць справаздачы службовых асоб аб выкананні даручэнняў.