Акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі" працягваецца

24 марта 2015

Сапраўдны яблыневы сад сёння з'явіўся на месцы, дзе ў гады той страшнай вайны знаходзіўся адзін з самых буйных канцлагераў Еўропы. У Трасцянцы актывісты БРСМ пасадзілі роўна 70 дрэў. Сімвалічна - па адным на кожны мірны год, што прайшоў пасля Вялікай Перамогі. І сёння маладыя людзі з усёй краіны агучылі свае прапановы і ідэі па святкаванні юбілею Вялікай Перамогі ў рэгіёнах.

З падрабязнасцямі Улада Карніцкая. 

Ад маленькай дэталі да легендарнай машыны пад маркай "Волат". На Мінскім заводзе колавых цягачоў самыя ініцыятыўныя маладыя людзі краіны сёння змаглі ўбачыць усе этапы вытворчасці цяжкай тэхнікі. Менавіта з экскурсіі па беларускім прадпрыемстве і пачаўся традыцыйны для Года моладзі адкрыты дыялог. І не менш традыцыйна гэты праект стаў пляцоўкай для рэалізацыі ідэй. У першую чаргу маладыя людзі падзяліліся планамі святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі ў рэгіёнах.

А літаральна праз некалькі гадзін ужо за 10 кіламетраў ад Мінска ля мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" паўтары сотні юнакоў і дзяўчат ушанавалі памяць тых, дзякуючы каму ў 45-м у нас пачалася мірная гісторыя. Хвіліна маўчання і кветкі да манумента пад акампанемент духавога аркестра.

Гэта чацвёрты па велічыні лагер смерці ў Еўропе. Тут за гады акупацыі загінула больш за 200 тысяч чалавек.

Не толькі словы, але і справы. Гэтая ідэя чырвонай ніткай праходзіць скрозь усю акцыю пад назвай "Кветкі Вялікай Перамогі". Менавіта таму за некалькі метраў ад стэлы сёння моладзь з усёй краіны некалькі гадзін саджала маладыя дрэвы як сімвал жыцця.

І яшчэ адзін сімвал - 70 мірных гадоў і 70 маладых дрэў. Менавіта столькі яблынь ужо зусім хутка заквітнеюць тут, у Трасцянцы. І не толькі, як высветлілася, тут. Будучы пераможны май у Беларусі абяцае быць сапраўды квітнеючым.

Паводле задумкі арганізатараў - Саюза моладзі, вось такія яблыневыя сады і алеі з'явяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Акцыю ўжо падтрымалі ў Магілёўскай вобласці. Юнакі і дзяўчыны пасадзяць маладыя дрэўцы і каля Брэсцкай крэпасці.