Акцыя па прадухіленні пажараў падчас абагравальнага сезона

8 октября 2014

У Мінскай вобласці стартавала прафілактычная акцыя па прадухіленні пажараў падчас абагравальнага сезона. Ратавальнікі правяраюць інтэрнаты і гатэлі. Асаблівую ўвагу супрацоўнікі МНС надаюць дамам з пячным ацяпленнем. Сёлета ў цэнтральным рэгіёне здарылася амаль тысяча пажараў. Пятая частка - у дамах з печкамі. Наколькі гатовы жыхары вобласці да зімы - у рэйд з ратавальнікамі адправіўся і Аляксандр Харавец.


Спраўнасць электраправодкі, наяўнасць вогнетушыцеляў, укамплектаванасць пажарных кранаў і праца пажарнай сігналізацыі. Ратавальнікі правяраюць практычна кожны сантыметр у гэтым інтэрнаце. Ад спраўнасці супрацьпажарнага абсталявання залежаць жыцці 150 жыхароў.


Як паводзіць сябе ў выпадку пажару - тут ведаюць не толькі вахцёры, але і ўсе яго жыхары. Ля ўваходу ў кватэру сям'і Лабанавых вісіць план эвакуацыі, таму дзе шукаць выхад у задымленым памяшканні, тут ведаюць нават маленькія дзеці.


Пад пільнай увагай супрацоўнікаў МНС і дамы з пячным ацяпленнем. Печка Таісіі Самец - жыхаркі вёскі Слабада - у нейкім сэнсе ўзорна-паказальная. Рыхтавацца да зімы гаспадыня пачала яшчэ летам - пафарбавала яе, адрамантавала комін і пачысціла яго ад сажы. Першую абкатку ў гэтым абагравальным сезоне стацыянарны ацяпляльнік прайшоў на выдатна.


Толькі ў Смалявіцкім раёне ўзімку печкі будуць абаграваць больш за пяць тысяч дамоў. З пачатку года ў вобласці здарылася амаль тысяча пажараў. Пятая частка - у дамах з пячным ацяпленнем.


Асноўная прычына пажараў - няправільная эксплуатацыя. Нядбайныя жыхары забываюць аб тым, што паліць печ можна не больш за дзве гадзіны. Акрамя гэтага, не надаюць адпаведнага значэння і трэшчынам на коміне.


Абавязкова перад печчу павінен знаходзіцца вось такі металічны ліст. Яго памер - 50 сантыметраў у шырыню і 70 у даўжыню. А вось класці сюды дровы або торфабрыкет забаронена.


Папярэдзіць магчымыя ўзгаранні абяцаюць супрацоўнікі МНС. Да канца кастрычніка ў цэнтральным рэгіёне праходзіць акцыя па прадухіленні пажараў падчас абагравальнага сезона.