Акцыя "Тыдзень лесу" праходзіць у Беларусі

6 апреля 2016

Прыбраць смецце, прывесці ў парадак месцы адпачынку, закласці імянную алею або дэндрапарк. Усё гэта магчыма падчас акцыі «Тыдзень лесу», якая праходзіць у Беларусі. У лясніцтвах чакаюць валанцёраў на майстар-класы па высадцы дрэў. Добраахвотнікаў забяспечваюць інвентаром і пасадачным матэрыялам. Дарэчы, папрацаваць на свежым паветры сёлета выказала жаданне рэкордная колькасць удзельнікаў. Першыя вынікі агульнай справы - у Аляксандры Драгун.

Як змяняўся фларыстычны выгляд Мінска на працягу 16 гадоў, памятае Вольга Гамеза. Кветкавыя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано, жывыя агароджы з карлікавых дрэў і кустоў. Кветкаводы сталіцы і сёння распрацоўваюць новае фларыстычнае аздабленне горада.

Акурат да майскіх свят спірэя стане нагадваць белае воблака за кошт дробных кветак. Работнікі Мінскзелянбуда рыхтуюць да пасадкі кусты рознай каляровай гамы - фарзіцыю, курыльскі чай і чубушнік, які ў народзе называюць язмінам. У тым ліку гэтыя расліны будуць цвісці на каменных клумбах.

У аздабленні горада з'явілася новая кампазіцыя - ракарый. Прасцей кажучы, гэта невялікі каменны сад, дзе растуць шматгадовыя кветкі, хваёвыя кусты. Такія сучасныя клумбы ўпрыгожаць дарогу ўздоўж праспекта Пераможцаў.

З надыходам вясны дзявяты год запар па ўсёй краіне праходзіць акцыя «Тыдзень лесу». Сёлета валанцёрам прапануюць пасадзіць дрэва або нават закласці імянную алею. Таксама добраахвотнікі дапамагаюць спецыяльным службам, напрыклад, прыбраць смецце ў лесе і прывесці ў парадак месцы адпачынку.

Валанцёраў забяспечваюць неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам. Дарэчы, папрацаваць на свежым паветры сёлета выказала жаданне рэкордная колькасць удзельнікаў. Акрамя пасадкі дрэў займаюцца добраўпарадкаваннем, прыбіраюць смецце ў лясах і парках. Толькі ў межах Мінска ўдалося ліквідаваць 12 несанкцыянаваных звалак.

Сёлета на ўездах у лясы і зоны адпачынку ўсталююць 70 шлагбаумаў. Абмежаваць рух аўтатранспарту дапамогуць і металічныя перашкоды - 1700 невялікіх слупоў з'явяцца ў прыгарадзе Мінска.