Акцыя "Тыдзень лесу". Зрабі свой уклад у зялёны фонд нашай краіны ў гэтыя выхадныя

24 марта 2020
Зрабіць свой уклад у зялёны фонд нашай краіны ў гэтыя выхадныя зможа кожны. У Беларусі стартуе  штогадовая акцыя "Тыдзень лесу". І сёлета масавая высадка маладых дрэў пройдзе крыху раней  з-за цёплай вясны - з 28 сакавіка па 4 красавіка.
Па традыцыі  зялёны тыдзень прыцягвае ўсеагульную ўвагу. Летась за сем дзён у акцыі ўзялі ўдзел больш за  50 тысяч чалавек. Саджаць лес дапамагалі працоўныя калектывы, спартсмены, артысты, чыноўнікі, а таксама школьнікі і студэнты.
Заадно наводзілі і парадак на зямлі. З лесу  вынеслі 3 тысячы кубаметраў смецця і сухастою. Але самае галоўнае - за час правядзення акцыі летась высадзілі больш за 29 мільёнаў дрэў.
Новы лес быў створаны на плошчы амаль 7 тысяч гектараў. Для параўнання,  гэта як плошча Слуцка і Слоніма разам узятых. Сёлета ў асноўным будуць высаджваць  хвою, елку, бярозу і дуб.
Як праходзіць падрыхтоўка да маштабнай зялёнай акцыі, распавядзе Надзея Сербіненка.


Усяго тры дні засталося да старту маштабнай акцыі "Тыдзень лесу". І ў Любанскім лясгасе  завяршаюцца апошнія прыгатаванні. Ужо выбраны пляцоўкі, куды ў суботу прыедуць добраахвотнікі, гатовыя высадзіць сотні дрэў. Адзін з такіх узлескаў, які быў пашкоджаны караедам і высечаны, таксама адновяць. Участак недалёка ад Любані нам паказвае ляснічы з гаваркім прозвішчам - Віктар Дубіна.


Для масавых пасадак выкарыстоўваюць міні-дрэўцы - сеянцы

Вясна - лепшы час для высадкі маладых дрэў. З пацяпленнем на вуліцы каранёвая сістэма хутка ідзе ў рост і дрэвы добра прыжываюцца. Дарэчы, для масавых пасадак выкарыстоўваюць не проста насенне, а міні-дрэўцы, якія ўжо крыху падраслі - так званыя сеянцы.

Вось у такіх гадавальніках па ўсёй Мінскай вобласці растуць маладыя хвоі, елі, дубы і іншыя пароды,  і лесаводы прыкладаюць шмат намаганняў, каб кожны сеянец быў якасным - гэта падкормкі, праполкі, паліў. Да двух гадоў кожнае маладое дрэўца праводзіць у гадавальніку, перш чым трапіць у лес.


У Любанскім лясгасе рыхтуюцца да масавай высадкі дрэў у лес


Вопытны лесавод, начальнік гадавальніка Любанскага лясгаса  Валянціна Скрыган абыходзіцца з невялікімі дубкамі як з дзецьмі. Яны таксама патрабуюць шмат увагі, клопату, бываюць і капрызы. Але на любы выпадак у Валянціны ёсць свой рэцэпт - кагосьці трэба сагрэць, кагосьці падкарміць, а камусьці прыйшоў час адпраўляцца ў дарослае жыццё.


Акцыя "Тыдзень лесу - 2020" прымеркавана да Года малой радзімы


Сёлета акцыя "Тыдзень лесу" пройдзе ўжо 13-ты раз і будзе прымеркавана да Года малой радзімы і прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 
Ініцыятар экафлэшмоба - Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Падчас акцыі добраахвотнікі не толькі высаджваюць дрэвы, але і наводзяць парадак у лясах. Прыбіраюць смецце, сухія галінкі, акультурваюць месцы адпачынку. Усяго за некалькі гадзін на свежым паветры, але ўсёй краінай можна зрабіць вялікую справу.