Акцыя "Нашы дзеці" ужо два дзясяткі гадоў саграе сэрцы маленькіх беларусаў

30 декабря 2015

Своеасаблівым злучным звяном гэтых двух гадоў - Года моладзі і Года культуры - з'яўляецца акцыя, якая ўжо паспела стаць традыцыйнай і вось ужо два дзясяткі гадоў саграе сэрцы самых маленькіх беларусаў. "Нашы дзеці". Кіраўнікі органаў дзяржкіравання ў госці да дзяцей прыязджаюць не з пустымі рукамі. Апроч салодкіх сюпрызаў кожнаму дзіцяці, у дзіцячыя дамы і медыцынскія ўстановы перадаюць тэхніку, мэблю, спартыўны інвентар. Штогод марафон аб'ядноўвае вакол сябе ўсё больш неабыякавых. Бо асноўная задача нас, дарослых, - зрабіць так, каб усе дзеці адчулі набліжэнне ўрачыстасці і, галоўнае, адчулі сябе важнымі і патрэбнымі. Рэпартаж - Карыны Пашковай.

Дарыць цяпло і клопат самым маленькім беларусам - бадай, асноўная задача дабрачыннага марафону. Для гэтага палітыкі, бізнесмены і прадстаўнікі ўлады адкладаюць на час свае справы і прымяраюць, хай і не ў літаральным сэнсе, на сябе касцюм Дзеда Мароза. Сёння Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык павіншаваў з надыходзячымі святамі хлопчыкаў у дзяўчынак у Мінскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі.

Гэтае цёплае сяброўства доўжыцца ўжо амаль два дзясяткі гадоў. А дзе сяброўства, там і дапамога. Супрацоўнікі дзяржбяспекі традыцыйна падтрымліваюць цэнтр у тэхнічным забеспячэнні. І зараз на свята прыйшлі, вядома ж, не з пустымі рукамі. Цэнтру была перададзеная спецыялізаваная дзіцячая мэбля. А ўсе дзеці атрымалі яшчэ і салодкія падарункі. Але і малыя гасцей сустрэлі шоу-праграмай. Дзеці падрыхтавалі сапраўдны спектакль, спявалі песні, танцавалі і расказвалі вершы.

Павіншаваць выхаванцаў інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху прыехаў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў. Сярод падарункаў - гульні з акцэнтам на развіццё матэматычных здольнасцяў і логікі.

А гэта ўжо поўдзень краіны. Больш як паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з Брэсцкай вобласці сёння сталі ўдзельнікамі яркага навагодняга свята. "Пуцёўку" на галоўны рэгіянальны ранішнік дзеці атрымалі за добрую вучобу, перамогі ў алімпіядах, дасягненні ў спорце і міжнародных конкурсах. Гэтае шоу ужо атрымала і тайную назву - "губернатарская ёлка". Сярод запрошаных - таксама дзеці са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем'яў. Арганізатары свята падрыхтавалі маляўнічы спектакль і насычаную конкурсную праграму.

У карагод вакол навагодняй ёлкі разам з выхаванцамі Бярозкаўскага садка-школы сёння стаў міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі. Госці прывезлі кожнаму выхаванцу салодкі падарунак. А для падарожжаў і паездак на экскурсіі ў школьнікаў з'явіцца мікрааўтобус. Ключы ад аўтамабіля міністр юстыцыі перадаў дырэктару школы. На гэтым падарункі не скончыліся. Сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара пад навагоднюю ёлку паклаў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук.

Галоўная ёлка Мінскай вобласці ў Барысаве сабрала сёння больш як 200 дзяцей. Білет на маляўнічае шоу ўручылі малым са шматдзетных, няпоўных сем'яў. Таксама на мерапрыемства былі запрошаныя школьнікі, якія паказалі высокія вынікі ў навучанні. З надыходзячымі святамі дзяцей павіншаваў губернатар вобласці Сямён Шапіра.

Гродна парадаваў гасцей класічнай пастаноўкай на самай вялікай сцэне горада. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш як 500 дзетак. Да галоўнай ёлкі вобласці яны прыехалі з розных раёнаў. Самі малыя прызнаюцца: трапіць сюды - вялікі гонар. Запрашэнні рассылаюць самым творчым і ініцыятыўным.

Удзел у акцыі "Нашы дзеці" прыняла і Белтэлерадыёкампанія. Казку-чараўніцтва "У зімовым лесе" для 132-х выхаванцаў Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, адкрыў струнны квартэт сімфанічнага аркестра галоўнага медыяхолдынга краіны. Шэфы ўпэўненыя: паспяховасць павінна павысіцца, бо менавіта для гэтага прызначаны іх падарунак дзецям - сучасная інтэрактыўная дошка. Адно слова - класная.

Сваё святочнае шэсце 20-я, юбілейная, акцыя "Нашы дзеці" пачала 10 снежня. Прадоўжыцца марафон роўна месяц. На працягу гэтага часу прадстаўнікі розных структур і арганізацый наведаюць дзіцячыя дамы, бальніцы і прыёмныя сем'і. Усяго гасцей сёлета чакаюць больш як 12 тысяч дзяцей. А вось кульмінацыяй добрай святочнай традыцыі стане навагодняе шоу ў Палацы Рэспублікі.