Акцыя "Нашы дзеці" ўрачыста стартавала ў Мінску

11 декабря 2017

А гэтага свята з асаблівым нецярпеннем чакаюць дзеці па ўсёй краіне, якім ласкі і клопату не хапае асабліва. Нацыянальная акцыя "Нашы дзеці" сёння ўрачыста стартавала ў Мінску. За 21 год дабрачынны марафон набыў статус нацыянальнага і стаў неад'емнай часткай святочнай атмасферы. Маленькія беларусы - выхаванцы дамоў-інтэрнатаў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, і тыя, якія зараз, напярэдадні Новага года, знаходзяцца ў бальніцах, для іх ствараецца маленькая казка. Надзея Сербіненка сёння разам з першымі ўдзельнікамі дабрачыннага марафона паверыла, што невялікі цуд можна стварыць і сваімі рукамі.

11-гадовы Саша з малодшай сястрой вось ужо паўгода мараць вярнуцца дахаты. Новы год для дзяцей - сапраўды асаблівы час, калі можна загадаць жаданне і верыць, што яно абавязкова ажыццявіцца.

Ірына Грамыка, выхавальнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Фрунзенскага раёна г. Мінска: "Хлопчык вельмі душэўны, выканаўчы, заўсёды ўсім дапаможа. У яго яшчэ ёсць 5-гадовая сястрычка, ён заўсёды ёй дапамагае, заўсёды жадае добрай ночы. І не толькі ёй, але і ўсім астатнім выхаванцам прытулку".

Рэпетыцыя Новага года сёння ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі прайшла для 200 выхаванцаў прытулкаў і дзіцячых дамоў. Маленькія госці адправіліся ў казачнае падарожжа да навагодняга чараўніка і атрымалі салодкія падарункі.

Мінск адкрыў рэспубліканскую акцыю. "Нашы дзеці" - гэта бесперапынная эстафета віншаванняў, падарункаў, канцэртаў, калядных карнавалаў па ўсёй краіне. І галоўная ўвага - дзецям, якім бацькоўскай ласкі асабліва не хапае.

Ігар Карпенка, міністр адукацыі Беларусі: "Гэта добрая славянская традыцыя пад Новы год з чыстым сэрцам дарыць падарункі. Акцыя набірае абароты, многія міністэрствы, ведамствы ўключаюцца ў яе правядзенне".

Пачалася акцыя з традыцыйнай выставы "Калядная зорка". Самыя лепшыя працы будуць прадстаўленыя ў Палацы Рэспублікі, на Галоўнай ёлцы краіны. Чаму Новы год - асаблівае свята для ўсіх дзяцей, мы спыталіся ў галоўных герояў выставы:

"Я люблю Новы год за тое, што выпадае снег - можна ляпіць снегавікоў".

"Пад Новы год адбываецца цуд - Дзед Мароз прыносіць падарункі".

"Я думаю, што цуды ёсць, і калі верыць, ён можа адбыцца".

У цуды вераць і выхаванцы рудзенскай школы-інтэрната. І пакуль майструюць навагоднія цацкі, мараць. Кожны аб сваім. І ўжо прыдумваюць віншаванні.

Акружыць клопатам кожнае дзіця ў святочныя дні асабліва важна. Таму з кожным годам акцыю падтрымліваюць усё больш дарослых , неабыякавых і гатовых дапамагаць.

Сёння дадзены яркі творчы старт. На працягу месяца ва ўсіх рэгіёнах ёлкі, ранішнікі, а далучыцца і падарыць свой клопат і ўвагу дзецям можа кожны ахвочы.