Акцыя Нашы дзеці сёння працягваецца ў Жодзіне

20 декабря 2013

Кожнае дзіця ў сталіцы і Мінскай вобласці, якое мае патрэбу ў асаблівай увазе, атрымае падтрымку да Новага года. А дзяржава, паміж тым, будзе клапаціцца аб сваіх юных грамадзянах і надалей, не абмяжоўваючыся пераднавагоднімі святамі. Пра гэта сёння заявілі ў Жодзіне на святочнай сустрэчы ў дзіцячым доме.

Аляксей Кандраценка даведаўся - хто і з якімі падарункамі прыехаў у госці да маленькіх жодзінцаў.


Рэспубліканская дабрачынная акцыя Нашы дзеці сёння працягваецца ў Жодзіне. Да хлопчыкаў і дзяўчынак, якім патрэбная асаблівая ўвага, прыехалі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю.


У выхавальніка жодзінскага дзіцячага дома Святланы, бадай, самая адказная місія: пабыць Дзедам Марозам на свяце. Для дзяўчыны мужчынская роля даецца без праблем - дапамагае любоў да дзяцей.


А вось сумку для падарункаў Дзеду Марозу дапамаглі напоўніць супрацоўнікі КДК. Іх вельмі чакалі больш за 70 выхаванцаў. Гэта сіроты з парушэннем слыху і зроку. Ніводны з іх не застаўся па-за ўвагай і без падарункаў.


У адказ юным жодзінцам таксама было што падарыць: вершы і песні - шчырыя і ад усяго сэрца.


Аляксандр Якабсон, старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі: Не бывае мала сустрэч з дзецьмі, можа быць, нам парой не дастае часу, а пэўна, і імкнення не хапае для таго, каб мы часцей сустракаліся не толькі на Новы год. Дзецям трэба ўвага, яны гэта любяць. Таму ўдзел дзяржработнікаў у такіх мерапрыемствах вельмі важны.


Калектыўнае фота на памяць. Гэта добрая традыцыя - у канцы снежня запомніць дзяцей радасных, з усмешкай. Так з'яўляецца нават не надзея, а ўпэўненасць у тым, што наступны год яны правядуць толькі ў добрым настроі.