Акцыя "Нашы дзеці" аб'яднала тысячы неабыякавых сэрцаў

28 декабря 2017

Пераднавагодні час - гэта і яшчэ адна падстава падарыць трохі цяпла і клопату тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Маленькім беларусам, якія ў сілу жыццёвых акалічнасцяў апынуліся па-за сямейнай утульнасцю. І хто як не дарослыя могуць здзейсніць дзіцячыя мары і падзяліцца сваім цяплом. Акцыя "Нашы дзеці" аб'яднала тысячы неабыякавых сэрцаў. Людзі рознага рангу ў гэтыя перадсвяточныя дні дораць чароўную казку кожнаму дзіцяці.

Навагодняя казка - для кожнага малога. У гэтыя перадсвяточныя дні акцыя "Нашы дзеці" дапамагае выконваць запаветныя жаданні маленькіх беларусаў. Марафон добрых спраў аб'яднаў кіраўнікоў ведамстваў, прадстаўнікоў бізнесу і проста звычайных людзей. Усе яны ў гэтыя дні могуць стаць сапраўднымі чараўнікамі для самых маленькіх, для тых, каму асабліва неабходная ўвага. Марына Раманоўская - аб чараўніцтве, у якое дзякуючы дзецям вераць і дарослыя.

Да бою курантаў яшчэ некалькі дзён, а жаданне Светы Пятроўскай ужо выканалася. Дзяўчынка даўно марыла выступіць на сцэне. Сёння яна - Сняжынка. Роля хоць і не вялікая, але вельмі адказная. Казачнае падарожжа выхаванцы Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната падрыхтавалі для дарослых, якія кожны год напярэдадні свята прыязджаюць у госці.

У школе-інтэрнаце выхоўваюцца больш як сто дзяцей ад 7 да 17 гадоў. Заняткі тут праходзяць у прасторных кабінетах, ёсць трэнажорная зала, абсталяваны камп'ютарны клас. Аб сваіх буднях і святах дзеці нават распавядаюць у школьным відэаблогу. Падпісантаў пакуль няшмат, але ідэі для развіцця канала ўжо ёсць.

Магчыма, што ў наступным відэароліку выхаванцы інтэрната падзеляцца ўражаннямі ад навагодняга ранішніка. Павіншаваць дзяцей са святам прыехаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. Да навагодняй акцыі падключылася і кіраўніцтва раёна, а таксама даўнія сябры школы-інтэрната.

Майстар-клас ад навагодніх чараўнікоў, вясёлыя конкурсы і займальныя гульні. Галоўная ёлка паўночнага рэгіёна аб'яднала ў навагоднім карагодзе пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Не засталіся без увагі і дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, дзеці-сіроты. Стаць героямі сапраўднай казкі сёння змаглі каля тысячы юных жыхароў Віцебскай вобласці.

Сям'я Кундзікавых таксама ў чаканні самага сапраўднага цуду. Хутка ў Юліі і Захара народзіцца першынец. Але яны ўжо бацькі. Выхоўваюць семярых прыёмных дзяцей.

У гэтыя дні дружную сям'ю аб'ядноўваюць яшчэ і пераднавагоднія клопаты. Сёння паездка да бабулі і дзядулі. Яны таксама бацькі-выхавальнікі. Маргарыта Кундзікава стала другой маці больш чым для пяцідзесяці дзяцей. На сваіх і чужых ніколі не дзяліла. Зараз у доме сямейнага тыпу выхоўваюцца 11 дзетак. Павіншаваць шумную кампанію з надыходзячым Новым годам прыехаў Віктар Лукашэнка са сваёй сям'ёй.

Шматлікія падарункі - усім без выключэння. І самыя цёплыя словы - на адрас бацькоў-выхавальнікаў.

Выхаванцы Улукаўскай дапаможнай школы-інтэрната сёння таксама прымалі гасцей. З падарункамі да дзяцей прыехаў кіраўнік найбуйнейшага медыяхолдынга краіны Генадзь Давыдзька. Да навагодняга ранішніка вучні і педагогі рыхтаваліся некалькі месяцаў. Вучылі ролі, прыдумлялі сцэнарый. У выніку атрымалася сапраўднае казачнае шоу.

Лісты Дзеду Марозу напісалі і выхаванцы Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната. Лёня Іваноў любіць спорт і марыць стаць вядомым бодзібілдарам. А каб жаданне хутчэй здзейснілася, нават у святы не забывае аб трэніроўках.

Не выключана, што ў новым годзе фізкультура стане любімым прадметам і ў іншых дзяцей. Сёння ў падарунак пад ёлку ўсе 126 выхаванцаў атрымалі стыльныя спартыўныя касцюмы. Не абышлося і без салодкіх сюрпрызаў.

Марафон добрых спраў ахапіў усю краіну. Акцыя "Нашы дзеці" дорыць радасць і дазваляе маленькім беларусам паверыць у навагоднія цуды. А дарослым хоць трохі адчуць сябе чараўнікамі з казак.