Акцыя "Нашы дзеці" - добрая традыцыя напярэдадні Новага года

10 декабря 2015

Гэтую акцыю, якая ўжо стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года, з нецярплівасцю чакаюць самыя маленькія беларусы. Бо гэта ўвага, падарункі і атмасфера чароўнай казкі, якую ўсёй краінай мы дорым нашым дзецям. Адкрыццё найбуйнейшага дабрачыннага марафону прайшло сёння ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі. Такім чынам, акцыя добрых спраў стартавала. Кожны беларус можа падарыць увагу і пазітыўныя эмоцыі тым, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу. А ў чый дом свята прыйдзе першым, ведае Надзея Сербіненка.

Афіцыйны старт дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" па добрай традыцыі далі ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі. Тут маленькія жыхары сталіцы малююць, іграюць на музычных інструментах, выступаюць на сцэне. Атмасферу бесперапыннага свята прадоўжыла і акцыя "Нашы дзеці".

100 тысяч падарункаў да Новага года атрымаюць юныя жыхары Магілёўскай вобласці. Салодкія наборы, канструктары, цацкі ўручаць дашкалятам, выхаванцам сацыяльных прытулкаў, дамоў сямейнага тыпу і дзецям, што засталіся без апекі бацькоў. Да дабрачыннай акцыі далучыліся і курсанты магілёўскага інстытута Упраўлення ўнутраных спраў.

У Мінску падчас правядзення акцыі таксама адкрыюць некалькі доўгачаканых сацыяльных аб'ектаў.

Юных жыхароў Гродзенскай вобласці таксама чакае шмат сюрпрызаў. Гэтай зімой дзеці рэгіёна змогуць упершыню пабываць у новай рэзідэнцыі Дзеда Мароза - яго маёнтак нядаўна адкрыўся на беразе возера Юбілейнае. А галоўнае свята акцыі адбудзецца напрыканцы снежня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

Сёлета акцыя праходзіць юбілейны, дваццаты раз. Падтрымаць дзяцей кожны год імкнецца ўсё больш неабыякавых людзей.

Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" - гэта перш за ўсё вялікае свята. Дзеці з няпоўных і шматдзетных сем'яў, выхаванцы прытулкаў і дзіцячых дамоў атрымліваюць не толькі падарункі, але і падтрымку. Паклапаціцца аб кожным дзіцяці можа кожны, хто жадае. Для наведвання адкрытыя 130 сацыяльна значных аб'ектаў.

Спіс дзіцячых устаноў, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі. Акцыя "Нашы дзеці" прадоўжыцца да 10 студзеня. Кульмінацыяй святочнага марафону стане навагодні паказ у Палацы Рэспублікі - Галоўная ёлка краіны з удзелам Кіраўніка дзяржавы пройдзе 24 снежня.