Акцыя "Беларусь памятае" стала сапраўды народнай

9 мая 2019

Успаміны пра іх аб'ядноўваюць краіну і дзякуючы акцыі, якая стала сапраўды народнай,  - "Беларусь памятае". Гісторыі подзвігаў і перамог не толькі пераходзяць з пакалення ў пакаленне ў аповедах дарослых  дзецям, але і актыўна распаўсюджваюцца на медыяпрасторах: у СМІ і ў сацыяльных сетках. Пра тых, дзякуючы каму сёння мы жывем, пішуць у асабістых акаўнтах зоркі спорту і сцэны, публічныя персоны і моладзь. Кожны аддае даніну памяці тым, каго, на жаль, забрала вайна, і выказвае павагу жывым сведкам тых фатальных гадоў. Дарэчы, толькі ў сетцы "Інстаграм" мноства гісторый. Аб акцыі, якая стала сапраўдным дзённікам гераічнасці, - Лідзія Заблоцкая.

Калі адзін хэштэг стаў глабальным сімвалам памяці кожнага беларуса. У ім - найцяжэйшыя гады вайны, прыклад самаахвярнасці і мужнасці, гераічныя подзвігі і вялікія гісторыі, якія і ёсць наша Перамога. У ім - гонар за нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. І невымоўная падзяка за мірнае неба і магчымасць жыць і рабіць у незалежнай краіне. "Беларусь памятае" - гэта не проста праект пра нашых герояў. 

Пра тое, што кожны з нас памятае пра страшныя бітвы за нашу будучыню, гаворыць і паказвае ўся Беларусь. Ад зусім юных хлапчукоў і дзяўчынак, хто ведае пра вайну толькі з аповедаў, да тых, хто плячо ў плячо стаяў у баях за Радзіму са сваімі таварышамі да апошняга. Хто памятае тыя хвіліны шчасця 9 мая 45-га. 

Сёння ў руках дзяцей і ўнукаў партрэты герояў вайны. Для кожнай сям'і ён свой, бо Вялікая Айчынная так або інакш закранула кожную. Зараз ужо цяперашняе пакаленне ў кожным кутку Беларусі працягвае гэтую традыцыю памяці. Гэтыя фота - больш як сямейная рэліквія. З сімвалічным хэштэгам #Беларусьпомнит сёння прайшоў і "Забег адважных", дзе сваю мужнасць на ўзор продкаў паказвалі зусім юныя будучыя абаронцы Радзімы. 

Акцыя заваявала і новую платформу ў сацыяльных сетках. Маштабны фотачэлендж з гісторыямі пра пераможцаў сабраў за суткі некалькі тысяч публікацый. Геалакацыі - ад Брэста да Мсціслава. Разам з гераічнымі подзвігамі і падзякай за жыццё пад мірным небам - унікальныя фота франтавых гадоў, жоўклыя трохвугольнікі і медалі. 

Падзяліцца ўспамінамі можна ў рэжыме анлайн. Для гэтага размяшчаем архіўны здымак члена сям'і, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай, дапаўняем пост гісторыяй-подзвігам або аповедам пра свайго героя, ставім хэштэг #Беларусьпомнит - і перадаем эстафету памяці сваім сябрам. Так з кожнай хвілінай наша гісторыя Перамогі становіцца больш яркай. 

Моладзь не проста прысвячае пасты сваім дзядулям і бабулям. Яна запісвае гутаркі відавочцаў, якія не па чутках ведаюць, што такое вайна.

Да чэленджу далучыліся і тыя, чые імёны ўслаўляюць нашу краіну, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Так, Дар'я Домрачава апублікавала пост пра дзядулю і бабулю, якія разам прайшлі ўсю вайну.

Пра тых, хто заўсёды побач, сёння гавораць выбітныя спартсмены, вядучыя, артысты і журналісты. Кожны перадае ўспаміны, пачутыя яшчэ ў дзяцінстве. Хтосьці посціць фатаграфіі, хтосьці манціруе цэлыя ролікі. А карэспандэнт АТН Вераніка Бута пра сваіх герояў распавяла проста ў ранішнім прамым уключэнні з плошчы Перамогі. 

Урыўкамі і дэталямі - пра вырашальныя бітвы на апошнім дыханні, пра крошкі хлеба, якія хоць неяк ратавалі ад голаду. І галоўнае - пра веру ў Перамогу. Максім Мірны падрыхтаваў свой невялікі праект. У сямейным альбоме знайшоў у тварах сваіх дзяцей падабенства з прадзедамі. 

Свае ўспаміны пра цяжкія дні і вялікія подзвігі яны захоўвалі ў аповедах і фотакартках. Для ўнукаў. Сёння яны выраслі, працуюць і ствараюць ужо ў незалежнай Беларусі. Свой дзякуй і заклік памятаць медыйныя персоны краіны перадалі ў саракасекундных роліках, якія можна ўбачыць у тэлеэфірах. 

Подзвігі праз сувязь пакаленняў паказала і Агенцтва тэленавін. Каманда з пяцідзесяці чалавек рэканструявала тыя гістарычныя падзеі праз прызму гісторый. У аснове - аповеды дзесяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. Іх сыгралі дзеці, унукі і праўнукі ветэранаў вайны. Маштаб і трагедыю саракавых перадалі з дапамогай праўдападобных выбухаў і імітацый перастрэлак. Здымкі прайшлі не толькі ў Мінску, але і ў Маскве і Берліне. Атрымалася своеасаблівая машына часу. 

Напярэдадні акцыя ў прамым сэнсе слова загучала. Пра тое, што Беларусь сапраўды памятае кожнага абаронцу Бацькаўшчыны без выключэння, беларускія аўтары напісалі песню. Яе прэм'ера адбылася падчас урачыстага канцэрта 8 мая. І адразу стала лейтматывам Дня Перамогі. 

Афіцыйна акцыя падоўжыцца да Трэцяга ліпеня. Але насамрэч у памяці няма часавых рамак. Беларусь памятае подзвігі загінуўшых і жывых заўсёды, нягледзячы на тое, як хутка час аддаляе нас ад страшных ваенных дзеянняў. У кожным доме, у кожнай сям'і ёсць свой герой. Дзякуючы кожнаму з іх, іх мужнасці і веры ў Перамогу нас - мільёны. Палатно ўспамінаў у публікацыях фота і відэа, у фільмах і аповедах нават зараз, пакуль вы глядзіце гэты сюжэт, становіцца сапраўдным дзённікам гераічнасці ўсёй краіны.