Акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" прайшла да Дня Незалежнасці

7 июля 2019

У чарзе масавых мерапрыемстваў, гулянняў і канцэртаў, прысвечаных Дню Незалежнасці, асаблівае месца займае акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Яе ініцыятарамі сталі дзеці з дзіцячага аздараўленчага цэнтра "Зубраня". У перадсвяточныя дні марафон падхапілі неабыякавыя беларусы з розных, нават самых падаленых населеных пунктаў. Сярод іх - палітыкі, спартсмены, журналісты. 

Па ўсёй краіне запальвалі свечкі, неслі кветкі да манументаў і ўспаміналі тых, хто не вярнуўся з фронту, але ўсё роўна падарыў краіне свабоду і незалежнасць. 3 ліпеня - знакавая дата для кожнага беларуса. Няма ніводнай сям'і, праз чый лёс не прайшла б вайна. І праз 75 гадоў мы шануем тую магчымасць, якую падарыла пакаленне пераможцаў, жыць у мірнай Беларусі. Аб традыцыі, якая будзе жыць заўсёды, Аляксандр Лучонак.

Ініцыятыва юных беларусаў стала народнай. Да акцыі далучылася ўся краіна дзеля адной вялікай мэты. Успомніць імёны тых, хто аддаў жыццё за нашу будучыню. Кветкі ад сэрца, ад душы ў знак удзячнасці.

Сімвалічны жэст і да сцен Брэсцкай цытадэлі. Менавіта тут пагранічнікі першымі прынялі ўдар фашыстаў 22 чэрвеня 1941 года. Для Уладзіслава Васілеўскага гэта не проста дата. Гістарычны факт,  які яшчэ ў дзяцінстве вызначыў будучую прафесію - абараняць межы краіны, як і яго прадзед.

Перадаючы эстафету ад спартыўнага форуму патрыятычнаму. Да марафона памяці далучыліся і тыя, хто таксама ведае цану перамогі, але, адразу абмоўлюся, толькі ў спаборніцкіх баталіях. Алімпійскія чэмпіёны - Максім Мірны, Дар'я Домрачава, Уладзіслаў Ганчароў - спіс вялікі - успаміналі воінаў-вызваліцеляў цэлымі камандамі. 

Акцыя, якую па клічы сэрца пачало маладое пакаленне, падхапіла і старэйшае. Разам з сям'ёй ушанавала памяць герояў вайны кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. У знак адвагі і сілы духу савецкіх салдат ля мемарыяла Перамогі леглі чырвоныя ружы.

У 40-ых менавіта тут было створана самае вялікае злучэнне партызан. Полацка-Лепельская зона ахоплівала больш як 1200 населеных пунктаў. 

На гэтай тэрыторыі працавалі школы, бальніцы, друкарні. Немцы некалькі разоў спрабавалі ліквідаваць мяжу. Але байцы дакладна выконвалі свае задачы. І толькі вялізная перавага сіл праціўніка прымусіла ісці на прарыў у красавіку 1944. Калі кольца блакады сціснулася, тутэйшыя партызаны вывелі з пад абстрэлу больш як 15 тысяч чалавек. 

Гісторыю атрада імя Уладзіміра Лабанка Ларыса Волгіна ведае не толькі з кінафільмаў і кніг - прозвішча яе бацькі на абеліску. З культурнай сталіцы Расіі да гэтага сціплага мемарыяла жанчына прыязджае рэгулярна. Гэта сямейная традыцыя.

З-за няўдалых спроб разбіць партызанскае падполле фашысцкія гарматы былі зараджаныя ў кірунку мірных жыхароў. Хатынь - адна з амаль 200 вёсак, якія былі спаленыя гітлераўцамі дашчэнту. Дарогі марафона прывялі ў мемарыяльны комплекс прадстаўнікоў тэлеканалаў. Беларуская вёска хоць і даўно сцёртая з геаграфічных карт, але не з памяці. 

Іван Эйсмант,  старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Прыйшлі мы сюды, каб аддаць даніну памяці тым беларусам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. І па-другое - гэта наш адказ усім тым, у тым ліку і некаторым СМІ, якія гавораць, што настаў час перагарнуць гэтую старонку і забыць пра ВАВ. Я ім проста жадаю параіць прыйсці сюды. Пахадзіць 30 хвілін, паслухаць аповяд экскурсавода".

Экскурсійны маршрут у Пухавіцкім раёне распрацавалі школьнікі, каб кожны змог, у прамым сэнсе, дакрануцца да старонак гісторыі. Па крупінках старшакласнікі, нібы разведчыкі, збіралі звесткі аб кожным пункце памятнага падарожжа. І назвалі "Дарогамі вайны". 

Па ўсёй краіне леглі жывыя кветкі не толькі да вялікіх абеліскаў, але і да малых. Так, у аграгарадку Каравацічы мясцовыя сабраліся ля помніка "Смуткуючая маці". У вайну карнікі амаль дашчэнту спалілі і гэтую вёску - у саракавыя тут былі руіны. Тады яшчэ пяцігадовая дзяўчынка Міла Назарава праводзіла бацьку на фронт і больш яго не бачыла. У радах чырвонаармейцаў ён адстойваў незалежнасць гэта маленькага, але роднага пасёлка. 

І каб памятаць герояў кожнай сям'і, Нацыянальны архіў Беларусі запусціў новы праект. База даных аб партызанах і падпольшчыках у адкрытым доступе. Тут ужо аб'яднаныя імёны 35 тысяч чалавек. 

Традыцыя ўспамінаць ля манументаў загінуўшых абаронцаў Радзімы стала ніткай, якая звязвае цэлыя пакаленні. 

У Беларусі каля дзевяці тысячы  вялікіх і малых манументаў -  лічба нібы навочны адбітак, які пакінула вайна на лёсах мільёнаў людзей. І, пэўна, калі б акцыі і зусім не існавала, беларусы ўсё роўна такой жа чарадой неслі кветкі-сімвалы вечнай памяці да месцаў баявой славы. У знак адзінства незалежнай нацыі, якая не забывае сваіх герояў.