Акцыяй "Дзень без аўтамабіля" завяршаецца сёння еўрапейскі тыдзень мабільнасці

22 сентября 2018

Пешаход на дзень! Акцыяй "Дзень без аўтамабіля" завяршаецца сёння еўрапейскі тыдзень мабільнасці, да якога сёлета далучылася больш за 60 населеных пунктаў Беларусі. Традыцыйна ў гэты дзень вадзіцелі і аўтаўладальнікі атрымліваюць права бясплатна скарыстацца грамадскім транспартам пры прад'яўленні вадзіцельскага пасведчання і тэхпашпарта. У цэнтры горада запланаваны розныя мерапрыемствы для ахвотнікаў далучыцца да падзеі.

Анастасія Янчэўская, дырэктар Мінскай веласіпеднай супольнасці: "У 2 гадзіны дня ўсіх вас чакаем па вуліцы Леніна. Прыязджайце са сваімі веласіпедамі і паўдзельнічайце ў конкурсах, пакажыце спрытнасць язды і разгадайце каверзныя пытанні па правілах дарожнага руху і атрымайце прызы. У 6 гадзін мы чакаем вас на пляцоўцы веласіпеднай супольнасці. Будуць паказаныя кароткаметражкі аб развіцці веласіпеднага руху ў свеце. У 9 гадзін мы чакаем вас на заездзе па праспекце Незалежнасці. Прыязджайце з пярэднім і заднім святлом, падрыхтаваныя, бярыце дзяцей і сяброў. З 9 гадзін мы едзем па праспекце Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі".

У рамках вячэрняга маляўнічага заезду "Веласіпедыст, дай агню" будзе праведзены конкурс на афармленне самага яркага ў плане светлавых рашэнняў веласіпеда. Акцыя завершыцца канцэртам пад адкрытым небам.