Актыўны атмасферны фронт прынёс у Беларусь моцны вецер і снегапад

26 октября 2016

За мінулыя суткі перыядычна парушалася электразабеспячэнне ў 400 населеных пунктах. Адключэнні аператыўна ліквідаваліся аварыйнымі брыгадамі.

У Гомельскай вобласці ўведзены план "Надвор'е". На расчыстку дарог вывелі максімальную колькасць спецтэхнікі. У некаторых раёнах снег ідзе з учорашняга дня. Дарожныя і камунальныя службы перавялі на ўзмоцнены рэжым працы. ДАІ канстатуе павелічэнне колькасці ДТЗ.

У Буда-Кашалёўскім раёне рэйсавы аўтобус урэзаўся ў ліхтарны слуп і перакуліўся. У выніку адзін пасажыр памёр на месцы, адну жанчыну даставілі ў бальніцу. Інспектары раяць аўтамабілістам быць як мага больш асцярожнымі на дарогах.

У Магілёве снег ішоў усю ноч і нават паспеў пабіць шматгадовыя рэкорды. 19 міліметраў ападкаў выпала ў абласным цэнтры. Больш за 20 - у Горках. Гэта больш за дэкадную норму. Ад наліпання снегу зарэгістраваны абрыў лініі электраперадачы ў Клімавіцкім раёне. У Крычаве ад дрэва, якое звалілася на пуці, быў на паўгадзіны прыпынены рух цягнікоў. У Бабруйску замест снегу ўсю ноч ішоў лівень. У Аблгідрамеце паведамілі пра 25 міліметраў ападкаў.

Сталіцу снежная бура абмінула. Зараз цыклон з Польшчы перамяшчаецца на тэрыторыю Расіі. Таму гэтай ноччу ў Мінску істотных ападкаў не чакаецца. Заўтра раніцай сіноптыкі прагназуюць туман, у асобных раёнах галалёд, на дарогах галаледзіца, таму вадзіцелям рэкамендуюць быць асабліва ўважлівымі. Уначы - слабыя замаразкі і каля нуля, днём - не вышэй за плюс чатыры. Да канца месяца надвор'е будзе няўстойлівае.