Ахацінскі слімак вагой паўкілаграма жыве ў доме настаўніка з Барані

29 августа 2019

Герой нашага наступнага сюжэта есць выключна адборную зеляніну. І не прызнае ніякіх дыет. Ахацінскі слімак вагой  паўкілаграма жыве ў доме настаўніка з Барані ў Аршанскім раёне. Як маленькі малюск па імені Дульсінея ператварыўся ў прыгожага вялікага слімака,  раскажа Вольга Маслоўская.

Ідэальны гадаванец. Так гаворыць пра сваю Дульсінею школьны псіхолаг Алена Дзяржыцкая. Дуся - гэта гіганцкі ахацінскі слімак. У сям'ю малюск трапіў выпадкова, але праз час гаспадыня ацаніла такое суседства: цішыня, гарантаваная адсутнасць алергіі на шэрсць у гаспадароў і самае нечаканае - Дуся аказалася выдатным індыкатарам якасці прадуктаў.

Дуся жыве ў десяцілітровым кантэйнеры. Днём больш спіць, яе час - ноч. Тады пачынае "забег" па сценках жылля. Любіць прымаць ванны - пад струмень вады Дульсінею змяшчаюць штодня. 

Радзіма ахаціны гіганцкай - узбярэжная частка ўсходняй Афрыкі, дзе спякота спалучаецца з высокімі тэмпературамі. Але і ў кватэры малюск адчувае сябе цудоўна. Толькі ў міжсезонне перажывае дыскамфорт: пакуль не ўключаць батарэі, мерзне. 

Як і любая жывая істота, Дуся схільная да стрэсу. На днях яе перавезлі з вёскі, дзе слімак правёў лета. Але пасля дарогі Дульсінея пахудзела. Каб гадаванец вярнуўся да сваіх 500 грамаў, гаспадыня прызначыла яму  самую  любімую - агурочную  - дыету. Дарэчы, вага  паўкілаграма не мяжа. Дуся яшчэ расце, а значыць галоўныя рэкорды наперадзе. 

Па ўсім свеце аматары слімакоў арганізуюць выставы. А зорны час Дусі ўжо настаў – мяркуючы па тым, што яна не хавалася і перад аб'ектывам нашай камеры актыўна варушыла рожкамі,  Дуся гэта зразумела.