Зараз на іх плячах ззяюць лейтэнанцкія зоркі. Сёлета апроч міліцыянераў, следчых і экспертаў афіцэрскія званні атрымалі будучыя супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Ужо ў найбліжэйшы час маладыя афіцэры пачнуць выконваць свае першыя службовыя задачы. А пакуль у іх ёсць роўна месяц на адпачынак. Падрабязнасці самага зорнага выпускнога краіны - у Сяргея Шуманскага.
Роўны строй, дакладныя рухі і невялікае хваляванне на тварах. Гэтыя 52 учарашнія курсанты сёння сапраўдны гонар Акадэміі МУС. 6 з іх скончылі родную альма-матар з залатым медалём, астатнія - на выдатна. Для параўнання, летась выдатнікаў было ўдвая менш, а медаліст усяго адзін.
Дыплом аб вышэйшай адукацыі і запаветныя лейтэнанцкія пагоны сёння атрымалі больш за 400 выпускнікоў Акадэміі. Сярод іх будучыя супрацоўнікі МУС, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Пагранічнага камітэта і ўпершыню 13 будучых спецыялістаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Першы набор курсантаў для органаў фінансавых расследаванняў адбыўся ў 2009 годзе. 5 гадоў маладыя афіцэры праходзілі навучанне па новай не толькі для сябе, але і для самой міліцэйскай ВНУ спецыяльнасці эканамічнае права. І сёння можна з гонарам сказаць - надзеі апраўдаліся. Зараз у Акадэміі МУС навучаюцца яшчэ 70 будучых афіцэраў ДФР.
Ігар Маршалаў, намеснік Старшыні КДК Беларусі - дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў: Тыя веды і навыкі, атрыманыя маладымі лейтэнантамі фінансавай міліцыі, дазволяць ім выконваць абавязкі, задачы, якія стаяць перад органамі фінансавых расследаванняў па гарантаванні эканамічнай бяспекі дзяржавы.
Па традыцыі павіншаваў выпускнікоў і ўручыў першыя афіцэрскія пагоны выдатнікам Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Разам з наказам будучым праваахоўнікам галоўны міліцыянер краіны падзякаваў кіраўніцтву Акадэміі за вялізную працу і неацэнны ўклад у выхаванне і навучанне маладых афіцэраў.
Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: Заўсёды, ва ўсе часы выпускнік Акадэміі МУС - гэта быў вельмі каштоўны прадукт адукацыі, які ўсюды, у любым кутку нашай краіны займаў годнае месца ў АУС. Кар'ера выпускніка Акадэміі міліцыі заўсёды была больш дынамічнай, больш якаснай у параўнанні з іншымі службоўцамі.
Асабіста павіншаваў сваіх выпускнікоў і Старшыня Следчага камітэта Валянцінаў Шаеў. Цяперашні выпуск для нядаўна створанага ведамства - ужо трэці. Сёлета першыя зорачкі на пагонах з'явіліся ў 79 будучых следчых. У адрозненне ад сваіх сакурснікаў, гэтыя маладыя лейтэнанты пачалі спазнаваць практычную частку сваёй будучай працы яшчэ ў сценах Акадэміі.
Валянцін Шаеў, Старшыня Следчага камітэта Беларусі: На працягу апошніх пару гадоў Следчы камітэт больш актыўна ўключаўся ў працэс падрыхтоўкі сваіх кадраў. Мы разумеем, што тэарэтычныя веды - гэта аснова, на якую трэба пакласці яшчэ і практычнае разуменне тых задач, якія будуць выконваць выпускнікі. І асаблівая ўвага да выпускнікоў мінулых гадоў на месцах паказала, што людзі вельмі хутка ўключаюцца ў працу і прыходзяць ужо падрыхтаванымі, разумеюць, што ім трэба рабіць на зямлі, на месцах.
Апроч будучых кіраўнікоў, з наказам перад маладымі лейтэнантамі выступілі ветэраны органаў унутраных спраў і бацькі выпускнікоў. А пасля ўручэння дыпламоў наваспечаных афіцэраў блаславіў і акрапіў святой вадой протаіерэй храма Святога Аляксандра Неўскага.
Пасля гэтага выпускнікі ўручылі кіраўніцтву і ўсяму прафесарска-выкладчыцкаму складу кветкі і дружна падкінулі манеты на шчасце. А завяршыўся ўрачысты рытуал вынасам сцяга Акадэміі МУС, з якім па традыцыі развітаўся кожны ўчарашні курсант.
Уладзімір Бачыла, начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь: Гэта падзея для нас знакавая, мы імкнуліся зрабіць так, каб гэта падзея запомнілася маладым афіцэрам назаўжды, каб гэта быў той стрыжань, ад якога яны адштурхоўваліся, таму што яны павінны разумець, што прафесія, якую яны абралі, гэта прафесія служэння беларускаму народу, служэння сваёй Айчыне.
Ужо праз месяц маладыя лейтэнанты заступяць на службу ў розныя падраздзяленні органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Міністэрства абароны і іншых сілавых ведамстваў нашай краіны. А пакуль у іх яшчэ ёсць трохі часу, каб адпачыць і з новымі сіламі адправіцца ў новае жыццё.














