Акадэмія МУС Беларусі адзначае 65-ю гадавіну з дня ўтварэння

16 мая 2023

Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь адзначае 65-ю гадавіну з дня ўтварэння, піша БЕЛТА са спасылкай на ўстанову.

Акадэмія МУС - установа вышэйшай адукацыі ўніверсітэцкага тыпу. Яе выпускнікі працуюць ва ўсіх абласцях краіны, многія ўзначальваюць службы, органы і падраздзяленні МУС, удастоены высокіх дзяржаўных узнагарод і ганаровых званняў, з'яўляюцца прафесіяналамі высокага класа. 

Курсантам, слухачам і студэнтам міліцэйскай ВНУ перадаюць веды і вопыт высокакваліфікаваныя педагогі. Будучых афіцэраў рыхтуюць факультэты крымінальнай міліцыі, міліцыі грамадскай бяспекі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы. Назаўжды застаецца ў памяці ўрачысты рытуал прынясення прысягі, а ў дзень выпуску курсанты надзяваюць пагоны лейтэнантаў. У актыве Акадэміі МУС 189 навучэнцаў, заахвочаных спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 79 выпускнікоў з залатым медалём.

Падрыхтоўку спецыялістаў ажыццяўляюць таксама факультэт права, факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў. Навукова-педагагічны факультэт займаецца арганізацыяй і падрыхтоўкай кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі для ўстаноў адукацыі МУС, практычных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і іншых праваахоўных органаў.

У Акадэміі МУС беражліва захоўваецца беларуская спадчына і перадаецца маладому пакаленню. Зараз на трох факультэтах створаны патрыятычныя клубы "Аператыўнік", "Патрыёт" і "Юны крыміналіст", якія спрыяюць фарміраванню ў падлеткаў любові да Радзімы, павагі да яе мінулага, шанаванню традыцый і актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Юныя патрыёты наведваюць заняткі, якія праводзіць прафесарска-выкладчыцкі састаў акадэміі, а таксама музеі і выставы, маюць зносіны з курсантамі, з'яўляюцца частымі гасцямі ўрачыстых ведамасных мерапрыемстваў і святаў.