Бусел аддаў перавагу беларускай зіме

18 января 2019

Застаўся ў Беларусі і не памыліўся. У вёсцы Фарынава Полацкага раёна зімуе бусел. З невядомых прычын птушка не паляцела з суродзічамі ў Афрыку. Вяскоўцы пабачылі птушку позняй восенню. З тых часоў падкормліваюць яе і спадзяюцца, што з іх дапамогай бусел спакойна дачакаецца вясны. Белая ад снегу зямля пад белымі крыламі бусла - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Выхаванцы фарынаўскага дзіцячага сада на прагулцы вучаць птушак, якія зімуюць у Беларусі. Голуб, сойка, снягір. Тое, што ў гэтым спісе з'явіцца бусел, не маглі ўявіць нават дарослыя. Вось ён - выключэнне з правіл.

Навіна пра незвычайнага суседа разнеслася па пасёлку хутка. Вядома, бо да гэтага ў Фарынаве на снезе можна было ўбачыць толькі дэкаратыўных буслоў.

Самотная птушка ўпадабала левы бераг ракі Ушачы. Блізка да людзей не падыходзіць, але чуллівыя вяскоўцы не крыўдзяцца і кожны дзень прыносяць птушцы ежу.

Святлана Туркевіч нават імя буслу дала - Сцяпаша. Не дагукаўшыся птушкі, кладзе пачастунак на снег. Тут і самаробнае гняздо з чароту: жыхары Фарынава з усіх сіл уладкоўваюць зімовы побыт летняй птушкі.

Чаму бусел аддаў перавагу беларускай зіме, застаецца толькі здагадвацца. Спецыялісты завуць некалькі прычын і падкрэсліваюць: такія выпадкі - не рэдкасць.

Не ведае Сцяпаша, што ўсяго за пяць кіламетраў ад яго, у вёсцы Вішнева, зімуе яго суродзіч. Бусел Жора - найважнейшая птушка ў куратніку Галіны Кулагі.

На падворку Жора ўжо чацвёртую зіму. Яго знайшлі на полі з перабітым крылом. Выгадавалі, але лётаць бусел не змог. Так і застаўся на сталае жыхарства. Пасябраваў з гусаком Гошам і казой Сняжанай. А свежай кількай, якую кілаграмамі закупляюць гаспадары, дзеліцца з кошкай Зайкай.

Кожную вясну да бусла Жоры прылятае сябар. Тады разам гуляюць па полі. І, пэўна, дзеляцца ўражаннямі, як пражылі зіму.