Аграрна-тэхнічны каледж імя Лабанка ў Мар'інай Горцы адзначае юбілей

8 июня 2021

Доўгажыхар у сістэме прафтэхадукацыі Беларусі - агратэхнічны каледж імя Лабанка ў Мар'інай Горцы - адзначае юбілей. Навучальнай установе, якая рыхтуе спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, 145 гадоў!

Гэта вядомая кузня кадраў для аграпрамысловага комплексу краіны, куды прыязджаюць вучыцца дзеці з усёй Беларусі. Каледж штогод выпускае ў аграсектар больш за 200 дыпламаваных спецыялістаў. Славутыя старонкі гісторыі каледжа і яго сучасныя будні - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.


Зеляніна збожжавых палёў, завязь яблыкаў у садах, статкі кароў на жывых кармах і сонечны колер рапсу. Не краявіды, а абяцанне ўраджаю і дабрабыту, які не проста ад прыроды, а ад старання людзей.

Спецыялістаў, праца якіх заўсёды будзе патрэбная, бо гэта праца на зямлі, вось ужо 145 гадоў рыхтуюць у Мар'інагорскім агратэхнічным каледжы. Тут вучаць усяму, што забяспечвае самыя розныя сельскагасгаспадарчыя працэсы - ад апрацоўкі зямлі, пасеваў да збору ўраджаю. Штогод з каледжа выходзяць каля 200 дыпламаваных выпускнікоў.


Амаль паўтара стагоддзя таму тут, на жывапіснай ускраіне Мар'інай Горкі, паўстаў двухпавярховы будынак - сельскагаспадарчая школа, указ аб адкрыцці якой у 1876 годзе падпісаў імператар Аляксандр Другі. Нягледзячы на сучасныя карпусы, пабудаваныя за гады, аўтэнтычны навучальны дом захоўваюць, як і фотагалерэю першых настаўнікаў і выпускнікоў, узоры першых дыпломаў і першыя падручнікі. Музей каледжа за 55 гадоў існавання назапасіў чатыры тысячы адзінак. Вось яны - сведкі гісторыі каледжа, і кожны - сенсацыя!

Весці барацьбу з пустазеллем і павышаць ураджайнасць раслін вучаць у гэтай аўдыторыі. Адна з чатырох спецыяльнасцяў, па якой рыхтуюць у каледжы, - "аграномія". Прафесія, у якую ідзе шмат дзяўчат і якая можа пахваліцца вялікай колькасцю дынастый выпускнікоў.

А ў гэтай аўдыторыі тыя, хто хацеў бы працаваць з электрычнымі схемамі. Спецыяльнасць "энергетычнае забеспячэнне сельгасвытворчасці" асвойваюць выключна юнакі.


Яшчэ два напрамкі, па якіх рыхтуюць у Мар'інай Горцы, - тэхнічнае забеспячэнне сельгасвытворчасці і новаадкрытая спецыялізацыя "рамонтнае абслугоўванне". Зрэшты, асвоіць тэорыю на практыцы тут дапамагае сучасная вучэбна-вытворчая база: гэта 200 гектараў зямлі доследнай гаспадаркі і майстэрні.


Большасць выпускнікоў каледжа паступае вучыцца далей. Паралельна з працай у гаспадарках моладзь павышае кваліфікацыю. Калі ў лічбах, за ўвесь час існавання навучальная ўстанова падрыхтавала больш за 25 тысяч спецыялістаў сферы АПК. Пяць тысяч - кіраўнікі гаспадарак.