Аграрыі Мінскай вобласці пачалі другі ўкос траў

18 июня 2015

Нарыхтавалі звыш мільёна тон сіласу і 60 тысяч тон сена. Працягваюцца работы і па падкормцы іншых сельскагаспадарчых культур – бульбы, збожжавых і кукурузы. На што сёлета аграрыі робяць стаўку? У аграасяроддзе акунуўся і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.

З 6 раніцы і да захаду сонца аграрыі гаспадаркі “Азярыцкі-Агра” задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў. Сёлета толькі ў сіласныя ямы плануюць утрамбаваць 12 тысяч тон карыснай ежы для жывёл.

Сучаснае абсталяванне на малочна-таварным комплексе. Корм з пэўным інтэрвалам раздае робат, а рацыён у кароў, паводле слоў жывёлаводаў, як у санаторыі. Збалансаваныя сумесі ўтрымліваюць усе неабходныя вітаміны. Гэта напрамую ўплывае на якасць мяса і малака.

На ферме ў гаспадарцы кожная жывёла на вагу золата, таму і падыход індывідуальны. На кожную карову тут заведзена асабістая картка з інфармацыяй пра стан здароўя, прадукцыйнасць і нават хуткасць аддачы малака.

Разлічваюць у гаспадарцы і на добры ўраджай другога хлеба. Пад бульбу сёлета адвялі 300 гектараў. Роўныя ўсходы ўжо апрацавалі супраць фітафторы. Бабку са свежых клубняў старшыня прадпрыемства абяцае прыгатаваць у другой палове жніўня.

Стравы з бульбы і ўласныя мясныя далікатэсы – і ў меню мясцовай базы адпачынку. Аграэкатурызм дае добры дадатковы прыбытак. За апошнія пяць гадоў – звыш двух мільярдаў рублёў.

Зарабляюць у гаспадарцы і на адпачынку. Яшчэ ў 2009 годзе ўзялі ў арэнду вадасховішча Дубраўскае. Прывялі прыбярэжную зону ў парадак. І сёння адпачывальнікі могуць пакупацца ў чыстай вадзе, пагуляць у футбол, валейбол, пакатацца на катамаранах, а таксама выдатна парыбачыць.

Будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў, вытворчасць малака экстра-класа, рэалізацыя якаснай сельгаспрадукцыі – усё гэта ў сукупнасці дае магчымасць гаспадаркам вобласці працаваць рэнтабельна. А прыбытак укладваць у развіццё дадатковых паслуг.