Агітпоезд "Кветкі Вялікай Перамогі" сёння вярнуўся ў Мінск

5 мая 2015

Пакуль уся Беларусь займаецца падрыхтоўкай хвалюючага і такога радаснага свята, дарогамі баявой славы праехаў маладзёжны агітпоезд і ўжо сёння вярнуўся ў Мінск. Сустрэлі састаў ужо па традыцыі юнакі і дзяўчаты, ветэраны, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў. І на першай платформе чыгуначнага вакзала разгарнуўся сапраўдны тэатралізаваны паказ. Кожная тэматычная пляцоўка, хай і на імгненне, але вярнула ўсіх наведвальнікаў у атмасферу вакзала пераможнага мая.

Вынікі тура па Беларусі - у рэпартажы Улады Карніцкай. Ён быў у дарозе амаль два тыдні і нарэшце вярнуўся дахаты. Сёння на сталічным вакзале зноў - "Кветкі Вялікай Перамогі". Агітпоезд прыбыў роўна а 9 раніцы. І прывёз з сабою сапраўднае свята таго самага, квітнеючага мая.

7 вагонаў - па адным на кожнае мірнае дзесяцігоддзе. Над дызайнам пераможнага састава працавала цэлая каманда маладых і крэатыўных. Прадумалі ўсё да дробязяў.

Цікава, што шторы ў вагоне таксама незвычайныя - тэматычныя, іх спецыяльна вырабілі для гэтай выставы. Па сутнасці, на іх намаляваная хроніка - ад абароны Брэсцкай крэпасці, якая першая прыняла на сябе ўдар той вайны, - і да ўзяцця Берліна.

Менавіта да гэтага вагона на кожным прыпынку ў літаральным сэнсе стаялі чэргі. А як інакш - сапраўдны перасоўны музей. Рэдкія экспанаты ў выніку ўбачылі амаль паўмільёна беларусаў.

Дзмітрый Шадко, першы намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі: "Вайна пакінула след у кожнай нашай сям'і, і таму тут магчыма далучыцца да той жывой гісторыі. У нас ва ўсіх у сем'ях захоўваюцца, у мяне ёсць дзядулевы ордэны, дакументы, звязаныя з вайной, але тут мы маем магчымасць усе разам аб'яднацца ў адзіным парыве. І вось гэтае яднанне нацый, яднанне ўсіх пакаленняў - гэта найбольшае дасягненне, галоўная перамога, якую мы атрымліваем у гэтыя дні".

Усяго ж лакаматыў праехаў амаль тры тысячы кіламетраў. І нават прыпынкі таксама былі прадуманыя: атмасферу пераможнага 45-га праз 70 гадоў цягнік прывозіў у абласныя цэнтры краіны ў строгай адпаведнасці з чарговасцю іх вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сёння да праекта далучыўся і аўтапрабег, які аб'яднаў неабыякавых людзей з амаль 10 краін свету.

Канстанцін Рэпін, кіраўнік медыяэкспедыцыі "Перамога - адна на ўсіх" (Расія): "Мы праехалі па тых гарадах, якія вызваліла Чырвоная Армія, усе сталіцы, мы не заязджалі ў тыя краіны, якія вызвалялі саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі. Для чаго мы гэта рабілі? Для таго каб паказаць маштаб вызваленчай місіі і для нашай моладзі праз вось такі даступны фармат".

Аўтамабілі маркі "Перамога" ўжо праехалі больш за 10 000 кіламетраў. І сёння разам з Саюзам моладзі ў памяць пра тых, дзякуючы каму мы, беларусы, мірна жывем 70 гадоў, арганізатары аўтапрабегу ўсклалі кветкі да манумента на сталічнай плошчы Перамогі.

Наступны прыпынак для цягніка памяці, які стаў сапраўдным сімвалам Перамогі, пасля свайго тура па нашай краіне - чыгуначнае дэпо. Але, абяцаюць арганізатары праекта, гэта толькі пачатак. І з усмешкай дадаюць: не выключана, што ўжо ў наступную юбілейную дату эксклюзіўныя экспанаты музеяў Вялікай Айчыннай узляцяць у неба - на самалёце.