Аферы фірмы з Наваполацка разрасліся да рэспубліканскіх маштабаў

31 мая 2016

Гісторыя пра тое, як аферы адной мясцовай фірмы з Наваполацка разрасліся да рэспубліканскіх маштабаў. Кампанія - манапаліст па ўстаноўцы і абслугоўванні дамафонных сістэм утрая даражэй аказвала насельніцтву свае паслугі. Кожны месяц жыхарам выстаўлялася сума, якая на некалькі тысяч перавышала фактычны кошт паслугі. А паколькі ў кліенцкай базе фірмы больш за 200 тысяч чалавек з розных гарадоў краіны, то агульная сума пераплат склала мільярды рублёў. Разам са спецыялістамі Камітэта дзяржаўнага кантролю ў сітуацыі разбіралася Марына Раманоўская.

У гэтай віцебскай шматпавярхоўцы дамафоны ўсталявалі больш за 10 гадоў таму. Жыхары гавораць, што са з'яўленнем "разумных" дзвярэй у пад'ездзе стала больш чыста, а няпрошаных гасцей - менш. Таму за паслугу людзі плацілі спраўна, практычна не задумваючыся над сумамі. Вадзім Півульскі, хутчэй, выключэнне. У падшыўцы - квітанцыі за апошні год. Гаворыць, за ўвесь час так і не зразумеў, якія віды работ уваходзяць у аплату.

Абслугоўваннем дамафонных сістэм займаецца наваполацкая кампанія-манапаліст. У кліенцкай базе - больш за 200 тысяч абанентаў. Праверка дзяржкантролю паказала, што за свае паслугі фірма выстаўляла рахункі ўтрая даражэйшыя. Агульная сума пераплат - больш за 4 мільярды рублёў. І гэта толькі за тры месяцы бягучага года.

Юлія Аўхукова, намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці: "Яны былі манапалістамі, павінны былі задэклараваць цану ў Камітэце па антыманапольнай палітыцы. Яны задэкларавалі 5 450, а з людзей бралі па 17 тысяч. Агульная сума пераплат склала амаль 5 мільярдаў рублёў".

Растлумачыць сваю формулу разлікаў дырэктар кампаніі нашай здымачнай групе сёння не змог. Яго прадстаўнік папрасіў даслаць пералік пытанняў і паабяцаў адказаць на іх праз некалькі дзён. На сайце фірмы прэйскуранта тарыфаў паслуг мы знайсці не змаглі, затое даведаліся, што лепшыя супрацоўнікі кампаніі па традыцыі выязджаюць у карпаратыўныя падарожжы. Напрыклад, у 2014 пабывалі ў Іспаніі. А летам 2011 наведалі жамчужыну Міжземнамор'я - востраў Родас.

Павышаную плату з жыхароў прадпрыемства спаганяла, прыдумаўшы розныя тарыфы. "Эканом", "Эканом плюс", "Стандарт", "Інфініт". Назвы розныя, кошт таксама. А вось напаўненне, як устанавілі дзяржаўныя кантралёры, было адным і тым жа.

Па загадзе кантралёраў фірма зрабіла пераразлік па асабовых рахунках абанентаў. Пераплачаныя сумы пойдуць у залік будучых перыядаў. Зараз слова за следчымі.

Святлана Сахарава, прадстаўнік УСК Беларусі па Віцебскай вобласці: "Прад'яўлена абвінавачанне, абвінавачаны дае прызнальныя паказанні, супрацоўнічае. Зараз следчыя працягваюць вывучаць матэрыялы справы".

Незалежна ад вынікаў расследавання крымінальнай справы кампаніі трэба будзе заплаціць вялікі штраф. Але нават гэта наўрад ці выправіць яе сапсаваную рэпутацыю.