Аферысты з вялікай медыйнай дарогі

20 августа 2015

Віртуальныя ашуканцы спрабуюць зрабіць сабе піяр на… марах людзей. У адной з сацыяльных сетак з'явілася нейкая група, якая абяцае ўсім жадаючым цудоўную будучыню на тэлеканале "Беларусь 2". Дастаткова пакінуць сваё фота і кантактны тэлефон, як з вамі звяжуцца і прапануюць месца ў эфіры… у якасці тэлевядучага. Больш як 15 тысяч чалавек адправілі сваё партфоліа, аднак іх тэлефоны здрадліва маўчаць. А днямі тыя жулікі пайшлі яшчэ далей. Абвясцілі конкурс, прызам у якім служаць білеты на канцэрт папулярнай амерыканскай рок-групы Linkin Park. А таксама - фотасесія і вячэра з лідарам калектыву Чэстарам Бенінгтонам. Як і ў папярэднім выпадку, людзі чакаюць і спадзяюцца. Ды толькі чакаць няма чаго. Увесь гэты конкурс - банальны фарс. 

Дзмітрый Лукша вывучыў сітуацыю і, здаецца, зразумеў, хто стаіць за гэтымі медыйнымі аферамі.

Калі з'явілася гэтая група, і хто яе бацька-заснавальнік - не вядома. Але стварэнне таемнага ашуканца відавочна перасягнула ўсе чаканні. Пад штукарскім каўпаком "кастынгі ў Мінску "Беларусь 2" чакаюць сваёй гадзіны больш як 15 тысяч уяўных канкурсантаў. Людзі, любога ўзросту і сацыяльнага статусу, шлюць свае фота і тэлефоны, у надзеі, што менавіта іх запросяць на "Беларусь 2".

Святлана Смалонская-Краскоўская, кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі: "Адразу жадаю звярнуць увагу, што ні Белтэлерадыёкампанія, ні "Беларусь 2" да дадзенага віду дзейнасці не маюць ніякага дачынення. Ні адзін з каналаў медыяхолдынга не праводзіць кастынгі праз сацыяльныя сеткі. Калі мы праводзім кастынгі, то ўся інфармацыя транслюецца ў эфіры тэлеканалаў, шырока распаўсюджваецца ў СМІ і на сайце Белтэлерадыёкампаніі".

Вось так рушацца мары, але не мы развязалі гэтую конкурсную вайну. Мабыць, адчуваючы выкрыццё, жулікі ўкінулі новую прынаду ў бурлівае мора карыстальнікаў. Маўляў, вельмі проста можна выйграць білеты на канцэрт папулярнай рок-групы Linkin Park. Больш за тое, з пераможцам сфатаграфуецца і павячэрае лідар калектыву Чэстар Бенінгтон. Вось толькі ні сам спявак, ні арганізатары канцэрта і не планавалі запальваць свечкі на раскошным століку ў рэстаране.

Аляксей або Альберт Акімаў. Асоба, з якой знаёміць не трэба. Ён мае шмат тытулаў - скандальны прадзюсар, беларускі кароль піяру. На справе ж увесь гэты пафас можна замяніць больш лаканічным і простым словам - аферыст. Як мяркуюць, менавіта гэты чалавек стаіць за ўсімі розыгрышамі. Хоць, сам злы жартаўнік адхрышчваецца ад такой славы. Ён сам ахвяра - уласнай папулярнасці.

Між тым, паводле некаторых звестак, за плячыма Акімава багаты вопыт тэлевізійных афер. Нібыта, ён праводзіў кастынг для здымак у папулярным моладзевым серыяле "Універ". Пазней - паклаў вока на легендарную "Калыханку", маўляў, за невялікую ўзнагароду любое дзіця зможа стаць вядучым праграмы. Кожны з гэтых праектаў павабны і перспектыўны, вось толькі існавалі яны асабліва ў іншым свеце - віртуальным.

Герман Малышчыцкі, журналіст тэлеканала "Беларусь 2": "Ён ствараў групы розных тэлеканалаў, ствараў групы маскоўскіх тэлеканалаў, там яго паспяхова забанілі, потым ён стварыў групу "Беларусь 2". Зразумела, ніякага дачынення да кастынгу група не мае. Каб зняць з сябе падазрэнне, ён стварыў іншую старонку і стаў яе адміністратарам".

Хіба можна не верыць гэтым сумленным вачам. Можна. Свет віртуальны значна больш жорсткі, чым рэальны. У ім ёсць месца працам і сустрэчам-прывідам. Усё-такі, для некаторых піяр стаіць вышэй за ўласную рэпутацыю. Не варта быць занадта даверлівым, бо ўдзельнічаючы ў гучным розыгрышы шыкоўнага прыза, можна самому апынуцца ў якасці разыгрываемага.