Абстрактны жывапіс флюід-арт асвойваюць у Беларусі

15 июля 2021

Карціны ў тэхніцы флюід-арт ад беларускіх мастакоў. Сутнасць абстрактнага жывапісу - праца акрылавымі фарбамі выключна вадкай, цякучай кансістэнцыі. Аўтары эксперыментуюць на палотнах і праводзяць майстар-класы па флюід-арце не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Адзін з такіх у Вілейскім раёне наведала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Таццяна Семяністая па прафесіі прадавец-кансультант, год таму захапілася творчасцю - найноўшым напрамкам у абстрактным жывапісе флюід-артам.

Флюід-арт як кірунак з'явіўся ўсяго некалькі гадоў таму ў ЗША і хутка набыў сусветную папулярнасць спачатку сярод эксперыментальных мастакоў, потым і ва ўсіх аматараў мастацтва. Тут не патрэбны традыцыйныя мастацкія навыкі. Усё залежыць ад фантазіі, настрою і нават энергетыкі чалавека.

Тэхнік у флюід-арце шмат. Напрыклад, у гэтай карціне фарбы раздзімаліся звычайным фенам. А гэтая "планета" пакрыта эпаксіднай смалой.

Абстрактнае мастацтва флюід-арту не патрабуе канкрэтнай прамалёўкі прадметаў і вобразаў - яны ствараюцца спантанна на вачах. Цікавы працэс, творчая прастора для эксперыментаў, своеасаблівая арт-медытацыя, таму вельмі даспадобы дзецям.

Малая радзіма Таццяны - вёска Ярхі Вілейскага раёна. Сюды і прыязджае на лета маленькая ўнучка Соня з Санкт-Пецярбурга.

У сельскім клубе невялічкая выстава твораў бабулі Таццяны. Яна ж праводзіць і майстар-класы, удзельнічае ў мясцовых кірмашах і святах вёскі.

Загадчыца сельскага клуба Марына Юркевіч з задавальненнем запрашае Таццяну Семяністую з яе аўтарскімі, адмысловымі карцінамі да ўдзелу ў святах вёсак. Сама вядзе гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Умейка", вучыць маляваць на шкле, рабіць папяровыя кветкі, кіруе вакальным гуртом "Ерхаўчанка".