А.Лукашэнка: Няхай журботны перазвон Хатыні перасцерагае от паўтору страшнай трагедыі

22 марта 2018

Сёння Беларусь успамінае страшную трагедыю часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Роўна 75 гадоў таму нацысты спалілі Хатынь. Смяротны прысуд мірнаму насельніцтву вынеслі фашысты, якія не пашкадавалі старых, жанчын і немаўлят. У агні загінулі 149 чалавек. У памяць аб ахвярах тых падзей у мемарыяльным комплексе адбыўся мітынг-рэквіем. Да Вечнага агню ўвесь дзень людзі нясуць кветкі. Быў ускладзены вянок і ад Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава зачытала ад імя Прэзідэнта Беларусі зварот да суайчыннікаў з выпадку 75-годдзя Хатынскай трагедыі.

Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: "Хай журботны перазвон Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтору страшнай трагедыі. Хай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забылі аб тым, што жыццё - гэта дар звыш, мір - самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта памятаць заўсёды!" - адзначаецца ў звароце.

Падчас мітынгу-рэквіема таксама прагучала Усебеларуская малітва аб міры, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі розных канфесій, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб'яднанняў.

Таксама адбылася цырымонія гашэння спецыяльнага канверта. На ім адлюстравана выява скульптуры "Непакорны", мемарыяльных элементаў "Могілкі вёсак", "Сцяна памяці", абеліскаў са званамі.