А.Лукашэнка: Святочны парад - гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі

9 мая 2020
Адзіны на постсавецкай прасторы ваенны парад у гонар 75-й гадавіны Перамогі  сабраў гледачоў па ўсёй планеце. Трансляцыю праз спадарожнікавы канал нашага медыяхолдынга змаглі ўбачыць на прасторах усёй СНД, а таксама Амерыкі, Еўропы, Азіі. 

Ва ўрачыстай прамове беларускі лідар павіншаваў усіх з Днём Перамогі, адзначыўшы, што гэта свята для нас святое. Беларусы не пакарыліся фашысцкім акупантам і разам з іншымі брацкімі народамі перамаглі ў самай страшнай і крывавай вайне 20 стагоддзя. 

Уклад беларускага народа ў разгром фашызму не падлягае ніякім сумненням. Загінуў кожны трэці. Мільён 300 тысяч беларусаў ваявалі ў радах Чырвонай арміі. І да канца 43-га года 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі краіны ўжо кантралявалі нашы падпольшчыкі і партызаны. Беларусь памятае пра подзвіг народа! Святочны парад, зазначыў Аляксандр Лукашэнка, - гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі.

Усяго ў парадным маршы - каля чатырох тысяч чалавек, уключаючы жаночы парадны разлік. Эліта, якая фарміруе аблічча арміі краіны. І амаль дзве сотні адзінак перадавой ваеннай тэхнікі. Лепшыя ўзоры. Беларускія распрацоўкі. І тэхніка, якая прайшла мадэрнізацыю на прадпрыемствах Беларусі і саюзнікаў, узята на ўзбраенне, і якая даказала эфектыўнасць. Волаты, драконы, кайманы, лісы, мінамёты і гаўбіцы… Сярод навінак: рэактыўная сістэма залпавага агню "Флейта" на базе лёгкага браневіка "Асілак". Штогод больш за 10 узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, распрацаваных у арганізацыях Дзяржкамваенпрома, прымаюцца на ўзбраенне беларускай арміі. Вышэйшы пілатаж, як заўсёды, паказаў у небе і паветраны эшалон! 

Майстэрству пілотаў не саступала і рота ганаровай варты - элітнае падраздзяленне. Пляц-канцэрт здзівіў гледачоў новымі высокатэхнічнымі фігурамі і суладнымі рухамі 116 чалавек.

Парад ізноў падарыў гледачам незабыўныя эмоцыі. І стаў прыгожай дэманстрацыяй сілы і моцы беларускай арміі.