Марафон памяці прайшоў у Хатыні, дзе ўсталяваны помнік усім спаленым беларускім вёскам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Страшны лёс паўтарылі больш за 9 тысяч беларускіх сёл і пасёлкаў. Пачалося ўсё напярэдадні з мітынгу-рэквіема і ўсебеларускай малітвы аб кожным загінуўшым. У працэсіі разам з сынамі прыняў удзел кіраўнік дзяржавы. Падрабязна Ілона Красуцкая.
Хатынь - вечны боль Беларусі
На прыпарушаны снегам граніт кветкі і лампады. Хатынь. Наша нязгасная памяць і боль аб загінуўшых земляках. Ад падзей сакавіка 1943 ў любы час года тут мароз па скуры. І, здаецца, само надвор'е плача. Яшчэ халадней на душы.
Зрэшты, у кожнага беларускага мястэчка, пасёлка свой абвінаваўчы рахунак да Вялікай Айчыннай за перарваныя жыцці, мары і надзеі. Асабліва за боль і слёзы жанчын і дзяцей, іх зраненыя душы і пакалечаныя лёсы.
Жалобная працэсія ў гадавіну Хатынскай трагедыі
Каб будучыя пакаленні памяталі, наш доўг распавесці, якой цаной нам дасталіся мір і дабрабыт. Мы не забылі і не даравалі.
Прэзідэнт разам з сынамі прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме да гадавіны Хатынскай трагедыі
Быць гэтым вечарам тут, у Хатыні, разам з усімі для Прэзідэнта і яго сям'і - святы абавязак. Дарогай памяці да манумента Непакорнаму чалавеку, сімвалу стойкасці духу нашага народа і яго барацьбы. Кожны крок у цяжкіх роздумах. Немагчыма ўявіць, што адчувалі загінуўшыя тут людзі.
Крок за крокам па брусчатцы, уяўляючы, як 78 гадоў таму тут спрабавалі выратавацца жанчыны, мужчыны, дзеці, старыя. Як гэтай жа сцежкай наступаў вораг, бесцырымонна распраўляючыся з ні ў чым не вінаватымі людзьмі.
А. Лукашэнка: Мы ніколі не даруем жорсткасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі
Ад гэтай страшэннай жорсткасці слёзы на вачах у кожнага і вельмі цяжка падабраць патрэбныя словы. Хатынь - урок гісторыі для нас, сучаснікаў. Наш абавязак захаваць праўду пра тую ваенную старонку, напісаную крывёй, і не дапусціць адраджэння страшнага мінулага.
Усебеларуская малітва
Беларусь дарагой цаной заплаціла за сваю волю і незалежнасць. У Год народнага адзінства святым заклікам да міру і згоды гучыць усебеларуская малітва. Унутраны маналог прадстаўнікоў розных канфесій і кожнага беларуса пра памяць, смутак і мужнасць нашага народа.
Збавенне ад карычневай чумы каштавала жыцця 30 мільёнам чалавек. І вось праз 76 мірных гадоў нас спрабуюць падзяліць і падштурхнуць да новай трагедыі. Словы і тэхналогіі разрываюцца мацней за снарады. Завадатараў, што распальваюць нянавісць і заклікаюць людзей на вуліцы, мы не ўбачылі ў месцах баявой славы з кветкамі або венікамі. Затое іх каштоўнасці ў тэлеграм-каналах. Ніхто і не чакаў чагосьці іншага. Такім, як яны, чужыя святыя паняцці. Ім пляваць на тых, хто гінуў дзеля нас, на подзвіг нашых продкаў.
Больш за 9 тысяч вёсак і пасёлкаў у Беларусі паўтарылі сумны лёс Хатыні. Ала, Боркі. Тысячы спаленых лёсаў. І калі не ўсіх можна назваць, то хоць бы ўвекавечыць іх памяць у камені і бетоне. Для наступных пакаленняў, тых, хто павінен і пасля нас захаваць гэту памяць.













