9 "Тэлевяршынь" Белтэлерадыёкампаніі

14 мая 2017

Галоўная навіна ў тэлевізійным свеце краіны на гэтым тыдні - вынікі "Тэлевяршыні". Цырымонія ўзнагароджання 13-й Нацыянальнай тэлепрэміі прайшла напярэдадні ў пятніцу ў Палацы Рэспублікі. Статуэтак сёлета 25. Акрамя таго, 4 спецыяльныя прызы. Белтэлерадыёкампанія ўзяла 9 тэлеоскараў. 7 з іх адправіліся ў Агенцтва тэленавін.

Лепшым вядучым інфармацыйна-аналітычнай праграмы стаў наш калега па "Галоўным эфіры" Сяргей Гусачэнка. За тэлеоскарам на сцэну выходзіла і Юлія Пярцова - пераможца ў намінацыі "Лепшая вядучая інфармацыйнай праграмы". Лепшай вядучай тэматычнай праграмы стала Святлана Панкратава - нязменная вядучая самых народных і любімых усімі "Навін надвор'я". А ў грамадска-палітычным блоку перамог наш праект "Макей-Лаўроў. Аб палітыцы".

Тэлевядучая Ганна Эйсмант прызнаная лепшым сцэнарыстам за фільм пра легендарнага беларускага футбольнага трэнера Якава Шапіру. У аператарскай намінацыі таксама перамаглі супрацоўнікі АТН - Дзяніс Сакалоўскі, лішні раз падкрэсліваючы, тэлебачанне - гэта камандная праца. За калектыўную працу статуэтку ўручылі і прадзюсарскай групе праекта "Панарама пад адкрытым небам" за серыю навінавых выпускаў з выязной студыі падчас 5-га Усебеларускага народнага сходу і на Дзень Незалежнасці. Па статуэтку на сцэну падняўся рэжысёр Ілья Крэўчык. Гран-пры атрымаў праект тэлеканала АНТ - мюзікл "Купальская казка". Усім вышэйпералічаным і не толькі - нашы віншаванні.

Што мяне парадавала як прадстаўніка журы, дык гэта рост узроўню прадукту рэгіянальных тэлекампаній. Калі ў інфармацыйным вяшчанні ім па аб'ектыўных прычынах цяжка цягацца з цэнтральнымі тэлеканаламі, то што тычыцца тэматычных праграм, дакументалістыкі, былі проста выдатныя працы. Яшчэ год-другі і ў гэтых намінацыях большасць статуэтак, упэўнены, будзе раз’язджацца па краіне.

Яшчэ раз усіх віншуем.