9 Мая цэнтрам святочных урачыстасцяў стала плошча Перамогі ў Мінску

9 мая 2019

Мы памятаем, якой цаной дасталася Вялікая Перамога. Кожны трэці беларус не вярнуўся з вайны. Кароткае: "пайшоў на фронт", пакінутае ў запісцы родным, або скупыя аповеды аб франтавых буднях, назаўжды прараслі ў нас, нашчадках герояў, магутнымі ўсходамі генетычнай памяці. Гэты жорсткі ўрок у гісторыі чалавецтва ніколі не павінен паўтарыцца. Гавораць, часы не выбіраюць. Ім - нашым дзядам і прадзедам - наканавана было пранесці на сваіх плячах нечалавечы цяжар, але яны выдужалі. Выдужалі, каб мы маглі жыць і радавацца мірнаму небу. Сёння, як і кожны год 9 Мая, цэнтрам святочных урачыстасцяў стала плошча Перамогі ў Мінску. Ля Вечнага агню прайшла цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі. Па традыцыі ўдзел ва ўрачыстасцях разам з сынамі прыняў Прэзідэнт. "Каб захаваць памяць, нам трэба самім не забыць і навучыць гэтаму сваіх дзяцей",- падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - "Мы - спадчыннікі тых, хто ўмеў перамагаць".

Самая галоўная Вялікая Перамога ў гісторыі савецкага і беларускага народа, аб якой мы проста не маем права забыць, і спадчына, якой не маем права здрадзіць. Па нашай, ужо нацыянальнай і суверэннай традыцыі, перамогу жыцця над смерцю Беларусь адзначае маштабным дзяржаўным, грамадскім, сямейным і асабістым для кожнага марафонам. Дзве галоўныя вехі ўрачыстасцяў у ім: гэта сёння - 9 Мая - і ў Дзень вызвалення Беларусі - 3 ліпеня. Таксама па суверэннай традыцыі дзве даты злучае ўсенародная акцыя, накіраваная ў будучыню праз унукаў, праўнукаў, а сёння ўжо і прапраўнукаў салдат Перамогі - наша акцыя "Беларусь памятае!".

Беларуская памяць і традыцыя адзначаць усенародна свята са слязамі на вачах не перарывалася. Нават у хвацкія 90-ыя, калі шматлікія суседзі, постсавецкія і суверэнныя, саромеліся парадаў, урачыстасцяў і нават ордэнаў на ветэранскіх кіцелях, Беларусь памятала. Памятала, на чым стаіць рэальная свабода і рэальны суверэнітэт. Адгэтуль - трапяткое стаўленне да салдатаў Перамогі, манументаў загінуўшым і музеяў - ад галоўнага ў сталіцы да школьных куткоў і братэрскіх магіл па ўсёй краіне. Адгэтуль Дзень Незалежнасці - 3 ліпеня - і павага да неперапісанай гісторыі ад манументальнай акадэмічнай да сямейнай у альбомах і ўзнагародах, якія так трапятліва захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. У нас усё менш жывых сведак - і тым каштоўней іх і наша памяць. 

Сама акцыя "Беларусь памятае" родам з 90-ых, і яе аўтары - самі салдаты Перамогі. Гэта ветэраны папрасілі Прэзідэнта ўзяць на традыцыйнае шэсце партрэты сваіх аднапалчан - тых, што леглі за Перамогу ў 40-ыя, і тых, хто не дацягнуў лічаныя дні да свайго галоўнага свята, хто жадаў яшчэ раз прайсці галоўным праспектам краіны да Вечнага агню. Хіба можна было забыць або адмовіць?

Ужо некалькі гадоў, як няма ветэранскага шэсця. Ногі не тыя. Самаму маладому за 90. Але тыя, хто ў сілах, 9 Мая нязменна ля Вечнага агню, у асяроддзі партрэтаў гераічнага пакалення. Ад малога да вялікага, ад герояў Беларусі да звычайных рабацяг - памятаюць і ганарацца тым пакаленнем. Як ганарыцца Алег Навіцкі, лётчык-касманаўт з пазыўным Казбек і беларускім сэрцам. 9 Мая спецыяльна прыехаў, каб мець дачыненне да народнай урачыстасці. 

У шчырай памяці беларусаў няма ні чыноў, ні ордэнаў, ні полу, ні ўзросту. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржсакратар Савета  Бяспекі, хлапчук з піянерскага або будатрада, грамадзянік з "Белай Русі" або прафсаюзнага руху, мэр або токар з завода - кожны сваёй сямейнай традыцыяй пашырае для нашчадкаў прастору памяці - прастору Перамогі. 

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Для мяне гэтае свята з гадамі становіцца ўсё больш значным, таму што ты ўсведамляеш усё тое, што было зроблена нашымі старэйшымі пакаленнямі ў гады Вялікай Айчыннай. Вядома, нізкі паклон усім нашым ветэранам. Для нас гэта шчасце - жыць у мірнай краіне, магчымасць працаваць, гадаваць дзяцей, жыць пад мірным небам". 

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "І нашаму пакаленню пасляваеннаму ёсць чым ганарыцца тым, што абаранілі нашы бацькі. І дзеці, безумоўна, знаходзяцца ў надзейных руках. Сёння і ўздым эканомікі, і дабрабыт людзей - гэта таксама няпростая праца, гэта таксама пэўная перамога".

Пройдзе яшчэ трохі часу, і асноўную місію гістарычнай памяці возьмуць на сябе маладыя. Тыя, хто ведаюць вайну па аповедах дзядоў і па падручніках, па шчырых фільмах аб вайне і інтэрнэт-энцыклапедыях. Ужо сёння адзін з франтоў гістарычнай праўды грукоча ў глабальнай павуціне. І там ёсць каму пастаяць за праўду і памяць. 

11:00. З дзвюух урачыстых фанфар - "Слухайце ўсе" і "Радзіма мая дарагая" - стартуе афіцыйная частка ўрачыстасці. На плошчы Перамогі - Прэзідэнт Беларусі і ўжо па традыцыі тры яго сыны. Памяць аб вайне праймае ўсе пакаленні, і так у кожнай беларускай сям'і (відэа).

Услед за вянком ад Кіраўніка дзяржавы да падножжа абеліска кладуцца вянкі ад усіх галін улады - міністраў, дэпутатаў і суддзяў. Вянкі ад ветэранаў і сілавікоў - тых, хто сёння працягвае ратную працу салдат Перамогі, засцерагаючы спадчыну і краіну ад новых агрэсій (відэа).

Прытрымліваючыся той жа традыцыі - вянкі ад мясцовай улады і найбуйнейшых грамадскіх арганізацый, дыпламатаў і ключавых цэркваў. Як 74 гады таму, так і сёння, усё роўна, на якой мове ты гаворыш, верыш у Бога або камунізм - галоўнае, што і тады, і сёння грамадства на адным баку - супраць смерці і варварства нацызму. 

Да ветэранаў і тых, каму падараванае жыццё і свабода сапраўдным чалавечым подзвігам, звяртаецца Прэзідэнт на плошчы Перамогі. Галоўнае пасланне - памятаць! Памятаць мужнасць пераможцаў, страшныя адрасы генацыду на беларускай зямлі - ад Хатыні да Трасцянца, памятаць дзяцей вайны і страшную цану Перамогі. Для Беларусі яна - кожны трэці.

Вязні дзіцячых канцлагераў дагэтуль не могуць без слёзаў успамінаць сваё дзяцінства. Ды і хіба можна назваць дзяцінствам тое пекла на зямлі, што ім давялося прайсці. Міхаіл Папруга памятае Азарычы. 

Міхаіл Папруга, вязень канцлагера "Азарычы": "Вельмі было страшна. Я, калі прызнацца, мала памятаю. Але нас было на руках у мамы трое. І нас пазней прывезлі. Калі б раней, то мяне б не было. Таму што тых немцы вешалі ўніз галавой, рэзалі вены і кроў давалі немцам параненым. 19 сакавіка 1944 года вызвалілі. Кожны год туды ездзім. Гэта, вядома, жаласна, слёзна".

Другі найважнейшы тэзіс Прэзідэнта - заклік да адзінства. Нядобра дзяліць традыцыі Перамогі з тымі, хто побач, і ўпадаць у новую халодную канфрантацыю з тымі, з кім адкрывалі другі фронт і аднаўлялі агульную Еўропу. 

Як захаваць святую памяць аб Перамозе і пераможцах, як умацаваць сувязь пакаленняў на падмурку патрыятызму. Кіраўнік дзяржавы гаворыць аб акцыях, накіраваных у будучыню. Праект "У славу агульнай Перамогі" звяжа 75-ы мірны год для Беларусі з 75-й гадавінай Вялікай Перамогі для ўсяго свету (відэа).

Далей на плошчы Перамогі - сціплая, але праніклівая кампазіцыя "Паклонімся вялікім тым гадам...".  Без лішняга пафасу і пампезнасці, але шчыра - так, што ў сталых мужчын перахапляла дыханне і выступалі слёзы. На апошніх акордах у неба накіроўваюцца белыя галубы - сімвалы адраджэння жыцця і 4000 паветраных шароў у колерах дзяржаўнага флага і запаветам для будучых пакаленняў - Беларусь памятае (відэа).

На гэтым фінал афіцыйнай часткі ўрачыстасці і старт яшчэ адной традыцыі - шчырых зносін Прэзідэнта з ветэранамі. Гады і выпрабаванні ляжаць на іх плячах, але галоўны загад ад галоўнакамандуючага - жыць і ўстойліва несці праўду аб вайне - франтавікі выконваюць з гонарам і мужнасцю (відэа).

Кароткі, але важны эпізод на плошчы - Прэзідэнт падпісвае альбом "Родныя твары Перамогі", падтрымліваючы тым самым адну з самых маладых ініцыятыў моладзі. Сумясціць героіку мінулага і энергію сучаснасці (відэа). 

Гэта элемент з марафону "Беларусь памятае". Альбом прыдумалі дзеці. Першыя героі ў ім - іх прадзеды. Кожная старонка - як мост праз 7 дзесяцігоддзяў, праз пакаленні. Салдаты Перамогі і іх праўнукі - маладыя таленты сучаснай Беларусі. Пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў, перадавікі моладзевых будоўляў і будатрадаў, стыпендыяты фондаў падтрымкі адоранай моладзі і актывісты дабраахвотніцкіх і патрыятычных рухаў. 

Пакуль у альбоме толькі пара запоўненых старонак. Але да Дня Незалежнасці гісторыя ў асобах і лёсах аб'ездзіць усю краіну, каб 3 ліпеня заняць годнае месца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Як дар і як новая місія новага пакалення. 

Пагутарыў Прэзідэнт і з замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Беларусі. Паўтарыўшы тэзіс, што гучаў для свету з Беларусі ўжо не аднойчы: нам няма чаго дзяліць на нашым кантыненце. Сучасным палітыкам і паслам па сілах захаваць мір, які разам выпакутавалі такой вялізнай цаной. З сэрца Беларусі, з плошчы-сімвала ўстойлівасці і ахвярнасці, такі заклік нельга не пачуць (відэа).

Афіцыйныя ўрачыстасці прайшлі, але адгэтуль, з плошчы Перамогі, свята са слязамі на вачах традыцыйна разлятаецца па ўсіх гарадах, па ўсіх сем'ях, якія абпаліла вайна (відэа). 

Забыць немагчыма - мірная Беларусь памятае і святкуе па-асабліваму цёпла і душэўна ў свой 75-ы юбілейны год вызвалення.