97 устаноў адукацыі Барысава і раёна атрымалі сертыфікаты гатоўнасці

28 августа 2020
1-га верасня тут прымуць больш за 20 тысяч вучняў. Асаблівая ўвага  падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года і ў малых населеных пунктах. 

Напрыклад, Лошніцкая гімназія – адзіная ў сельскай мясцовасці Мінскай вобласці з такім статусам – гатова да прыёму школьнікаў. Тут зроблены касметычны рамонт і завезена новая мэбля. Чым яшчэ славіцца навучальная ўстанова - даведалася Юлія Хмель.

Будынак Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна пабудавалі яшчэ ў 1964 годзе. А роўна 21 год як школа атрымала статус гімназіі. Дарэчы, адзінай у сельскай мясцовасці Мінскай вобласці. Да новага навучальнага года ўстанова гатова.

Акрамя гэтага, закупілі новую мэблю, замянілі вокны, асвятленне ўсіх памяшканняў, набылі спартыўны інвентар і адрамантавалі спартыўную залу. Сёлета за парты сядуць больш за 300 вучняў, з іх 39 першакласнікаў. 

Зрэшты, у Лошніцкую гімназію па адукацыю прыязджаюць з усяго раёна. Некаторыя вучні жывуць аж за 60 кіламетраў ад аграгарадка. На працягу тыдня знаходзяцца ў інтэрнаце, а на выхадныя едуць дадому. Гімназію вучні любяць, многія вяртаюцца сюды ўжо ў якасці педагогаў. 

Сёлета 86 маладых спецыялістаў пачнуць працу ў навучальных установах Барысаўскага раёна. Для кожнага імкнуцца стварыць добрыя ўмовы працы. Дапамагае гэтаму мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне. 

Усяго сертыфікаты гатоўнасці атрымалі 97 устаноў адукацыі Барысава і раёна. 1-га верасня яны прымуць больш за 20 тысяч школьнікаў, з іх амаль 2 тысячы  прыйдуць першы раз у першы клас.