90-гадовы юбілей на гэтым тыдні адзначыць Нацыянальная акадэмія навук

12 ноября 2018

Сёння нашы навукоўцы актыўна працуюць над тэхналогіяй, якая дазволіць вызначаць тып віруса за паўгадзіны. Гэта стала магчымым дзякуючы развіццю лазернай медыцыны. Зараз на такія даследаванні дактарам неабходна 10, а часам і 20 дзён. Дарэчы, у інстытутах акадэміі ўсё часцей можна сустрэць маладых спецыялістаў. Траціна супрацоўнікаў - маладзейшыя за 30 гадоў. Штогод больш чым 300 выпускнікоў ВНУ пачынаюць тут сваю кар'еру.

Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума НАН Беларусі: "Ну і далей, вядома, навуковае суправаджэнне, каб яны абаранілі дысертацыі, але гэтага ж не дастаткова. Для гэтага трэба і жыллё, і заработная плата, і сістэма матывацыі, і сістэма кар'ернага росту - па ўсіх гэтых кірунках імкнёмся працаваць. У нас ёсць такі праект - навуковец пад ключ - і гэты праект уключае ўсе гэтыя кірункі падтрымкі навукоўцаў. Мы вельмі задаволеныя і ганарымся, што ад нас моладзь не сыходзіць".

Урачыстыя мерапрыемствы пачнуцца ў чацвер - вядучыя навукоўцы і маладыя спецыялісты выступяць з дакладамі па сямі кірунках навукі. А ў пятніцу ў акадэміі пройдзе маштабная выстава дасягненняў беларускіх навукоўцаў. Самым выбітным уручаць граматы і прэміі.