7-я міжнародная канферэнцыя «Гімназічная мадэль ААН» адкрылася сёння ў Мінску

19 Красавіка 2018

300 гімназістаў і студэнтаў з навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Казахстана і Еўропы гэтымі днямі мадэліруюць работу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Гэта сінтэз навуковай канферэнцыі і гульні, падчас якой навучэнцы апрабоўваюць працу розных тэматычных камітэтаў арганізацыі.

Надзея Сербіненка сустрэлася з маладымі дыпламатамі. 11-класнікі Алія і Тагір прыехалі ў Мінск з горада Аксай, што ў заходняй частцы Казахстана. Паводле правіл “Мадэлі ААН”, кожная каманда незалежна ад нацыянальнасці прадстаўляе іншую краіну і выступае за яе інтарэсы перад аўдыторыяй. Напрыклад, школьнікі з Казахстана прадстаўляюць ЗША, гімназісты са Слуцка – Аргенціну, а старшакласнікі з Брэста – Ізраіль.

Першую ў гісторыі “Мадэль ААН” правялі студэнты-аматары ў англійскім Гарвардзе ў 1953 годзе. Сёння такія мадэлі распаўсюджаны па ўсім свеце: ад Вялікабрытаніі і Францыі да Кітая і Егіпта. Асноўныя форумы ў Еўропе праходзяць у Гаазе і ў Маскве. Найбуйнешую дыпламатычную канферэнцыю сярод гімназістаў у нашай краіне ўжо сёмы раз арганізуе 12-я сталічная гімназія.

Удзельнікі практыкуюць дыпламатычныя, лідарскія, прамоўніцкія навыкі і ўменне прыходзіць да кампрамісу. Асноўная рабочая мова мінскай “Мадэлі” – англійская.

Гімназісты і студэнты працуюць у васьмі камітэтах: па міжнароднай бяспецы, эканоміцы, правах чалавека, клімаце і іншых.

Удзельнікі будуць дыскутаваць па тэмах устойлівага развіцця на пасяджэннях розных камітэтаў.

Курыруюць працэс сапраўдныя дыпламаты, піяр-менеджары, у тым ліку работнікі прадстаўніцтва ПРААН у Беларусі.

“Гімназічная мадэль ААН” прадоўжыцца ў Мінску да канца тыдня. Потым удзельнікі правядуць выніковую канферэнцыю і сплануюць работу на наступны год.