76 гарадоў Беларусі далучыліся да Еўрапейскага тыдня мабільнасці

18 сентября 2019

У Беларусі чацвёрты раз праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. Сёлета асаблівую ўвагу надаюць бяспецы пешаходнага і веласіпеднага руху. Тэматычная акцыя пройдзе ў пятніцу. Тых, хто будзе перамяшчацца на двухколавым транспарце,  валанцёры пачастуюць садавінай. А кульмінацыяй Тыдня мабільнасці стане Дзень без аўто. У гэту нядзелю вадзіцелі змогуць бясплатна праехаць на грамадскім транспарце. Праязным стане вадзіцельскае пасведчанне і тэхпашпарт на аўто. Правядзенне такой экалагічнай акцыі дазволіць паменшыць колькасць выкідаў у навакольнае асяроддзе. 

Аксана Ючковіч, кансультант Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад аўтатранспарту ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь складаюць 63 %. Для горада Мінска гэта лічба складае 88 %. Прадугледжана вымярэнне якасці атмасфернага паветра 21-22 верасня - для параўнання, наколькі знізяцца выкіды ў Дзень без аўтамабіля".

Штогод Еўрапейскі тыдзень мабільнасці падтрымлівае каля 50 краін. Па актыўнасці Беларусь размясцілася на 9-ым месцы. Сёлета экалагічныя акцыі пройдуць больш як у 70 гарадах нашай краіны.