75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёння адзначае Віцебск

26 Чэрвеня 2019

Да Вечнага агню ля манумента ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў  усклалі кветкі. Пасля рэканструкцыі адкрылі мемарыяльную дошку Герою Савецкага Саюза Дзмітрыю Мясаедаву. Адбылося і ўручэнне медалёў да юбілею вызвалення Беларусі. Шматлюдна сёння было і на брацкай магіле ў вёсцы Узрэчча Бешанковіцкага раёна. Тут  пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны  савецкія злучэнні панеслі вялікія страты.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Выбухі, кулямётныя чэргі і шырокая стужка ракі, пераадолець якую трэба любой цаной. Фарсіраванне Заходняй Дзвіны ў раёне вёскі Узрэчча - упершыню падзеі 75-гадовай даўнасці ўзнаўляюць на гістарычным месцы. Рэканструктары з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі прыехалі сюды, каб даць жывы ўрок гісторыі.

На плыце, складзеным з падручных сродкаў, яфрэйтар Міхаіл Хваткоў. 20-гадовы салдат пад агнём праціўніка пераправіў на левы бераг Заходняй Дзвіны 60 байцоў са зброяй, зваротна перавозіў параненых. Загінуў. Званне Героя  пасмяротна. Побач з ім у брацкай магіле яшчэ сем Герояў Савецкага Саюза. Сярод іх і ўраджэнец невялікага кіргізскага сяла Джумаш Асаналіеў. На магілу героя-кулямётчыка кожны год прыязджаюць землякі. 

Ход вызваленчых баёў дакладна вядомы з данясенняў, але прабелаў яшчэ шмат. Спецыялісты працягваюць пошукавую працу ў раёне.

У брацкай магіле  больш за  200 воінаў. Іх імёны  на 13 плітах. Але гэта далёка не поўны спіс. Усіх загінуўшых пры фарсіраванні Дзвіны тут, у раёне вёскі Узрэчча, усталяваць не ўдалося дагэтуль. 

У памяць пра іх сёння на Дзвіне гучаць залпы гармат. Але яны нікога не палохаюць. Сапраўдная вайна засталася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Зараз мір  над галавой і ў сэрцы.