75 гадоў таму ў Мінску адбыўся партызанскі парад

16 июля 2019

У гэты дзень роўна 75 гадоў таму ў Мінску адбыўся партызанскі парад. Хаця да Вялікай Перамогі заставалася яшчэ дзесяць доўгіх баявых месяцаў, гэтым святочным шэсцем у беларускай сталіцы наш народ прадэманстраваў сілу духу і трыумф над ворагам. Больш як 30 тысяч байцоў трыццаці партызанскіх брыгад прайшлі па пляцоўцы іпадрома. Віталі вызваліцеляў каля 50 тысяч мірных жыхароў.

Наталля Яцкевіч, загадчык аддзела Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: "У асноўным у партызанскім парадзе прымалі ўдзел партызаны Мінскай і Магілёўскай абласцей, менавіта тыя, хто ўдзельнічаў у разгроме Мінскага катла. Былі прадстаўлены таксама Вілейскі і Баранавіцкі раёны Беларусі. Права адкрыць парад было дадзена партызанскай брыгадзе "Народныя мсціўцы" імя Варанянскага".

У экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сёння захоўваецца нямала прадметаў - сведак партызанскага парада ў Мінску. Сярод рарытэтаў - сцягі партызанскіх падраздзяленняў, асабістыя рэчы і зброя байцоў, фота і дакументы.