75 гадоў таму фашысты знішчылі вёску Шавулічы ў Ваўкавыскім раёне

7 июля 2018

Сёння мы ўспамінаем сумную старонку ў гісторыі нашай краіны. Роўна 75 гадоў таму фашысты поўнасцю знішчылі вёску Шавулічы ў Ваўкавыскім раёне. 366 жыхароў (з іх 150 дзяцей) былі расстраляныя толькі таму, што побач з сялом забілі нямецкага ўрача. На месцы трагедыі зараз узведзены мемарыяльны комплекс. Пра гераічную вёску, якая паўтарыла лёс Хатыні, Юрый Карняловіч.

88-гадовая Таццяна Бальшакова месца, дзе стаяў дом яе дзядзькі, адшукала не адразу. Гаворыць: гады ўжо не тыя, ды і апошнім часам наведвацца ў сваю родную вёску, спаленую фашыстамі ў 1943 годзе, атрымліваецца не часта. Але сёння проста не магла не прыехаць. Менавіта 7 ліпеня 75 гадоў таму тут адбылася трагедыя. Загінулі амаль усе мясцовыя жыхары, і толькі па шчаслівай выпадковасці Таццяна Іванаўна адна з нямногіх засталася ў жывых. Пра зверствы, што адбываліся тут, даведалася ад цёткі, якой таксама ўдалося выратавацца.

Усё, што адбывалася ў Шавулічах летам 1943 года, ведае мясцовы гісторык Мікалай Талюк. Вывучэнню аповедаў відавочцаў ён прысвяціў не адзін год.

Фашысты знішчылі цэлую вёску толькі таму, што побач з ёй знайшлі забітага нямецкага ўрача. 7 ліпеня сюды прыйшлі карнікі. Людзей сагналі ў адрыну, маёмасць разрабавалі і падпалілі ўсе хаты. Жыхароў жа расстралялі.

Доўгі час на месцы знішчаных Шавулічаў заставаліся толькі падмуркі згарэлых хат. Мемарыяльны комплекс пабудавалі, што назывецца, гуртам. Ініцыятарам выступілі прафсаюзы Гродзенскай вобласці. Былі высветлены імёны ўсіх загінуўшых жыхароў.

Штогод менавіта 7 ліпеня ў мемарыяльны комплекс "Шавулічы" прыязджаюць сотні людзей, каб ушанаваць памяць і аддаць даніну павагі мясцовым жыхарам.

І сёння на жалобным мітынгу ўспомнілі кожную з больш чым 70 сем'яў, якія загінулі. Жудасная трагедыя, што адбылася тут у 1943 годзе, застанецца ў памяці кожнага прысутнага. Сёння ж было прынята рашэнне ўсталяваць мемарыяльныя знакі ва ўсіх вёсках рэгіёна, якія паўтарылі лёс Шавулічаў.