75 гадоў таму фашысты спалілі вёску Хатынь

20 марта 2018

Беларусь на гэтым тыдні ўспамінае трагедыю, якая апісвае ўвесь страх, жорсткасць і жах вайны. 75 гадоў таму фашысты спалілі вёску Хатынь разам з яе жыхарамі.

Напярэдадні ў Доме прэсы сабраліся гісторыкі, архівісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і СМІ. У размове прагучала новая статыстыка па даследаваннях дакументаў Нацыянальнага архіва Беларусі і архіва КДБ. Так, з 41-га па 44-ы гады на тэрыторыі Беларусі фашысты спалілі больш як 9 тысяч вёсак - гэта на 4 тысячы больш за лічбу, якая называлася раней. Падзеяй сустрэчы стала прэзентацыя кнігі "Хатынь.Трагедыя беларускіх вёсак".

Уладзімір Андрыевіч, дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі": "Трагедыя Хатыні як напамін, каб нам не дапусціць таго, што адбылося. Гэту кнігу з аўтарам мы зрабілі так, каб яна працавала не толькі аб’ектыўна, факталагічна, але і выклікала эмоцыі".

Дырэктар выдавецтва расказаў аб планах стварыць поўны том па гісторыі ўсіх спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Трагічнай даце сваю прэм'еру прысвяціў тэлеканал "Беларусь 3". Сёння ў 14:35 - першая серыя хранікальна-дакументальнага фільма "Хатынь. Вайна без правіл".