74 гады таму ў апошнія дні чэрвеня была падведзеная трагічная рыса ў лёсах тысяч беларусаў

27 июня 2018

Нацысцкія карнікі правялі акты масавага знішчэння пад Мінскам - ва ўрочышчы Благаўшчына расстралялі каля сямі тысяч зняволеных турмы на Валадарскага і лагера смерці па вуліцы Шырокай. Тады ж былі знішчаныя вязні канцлагера вёскі Колдычава. Паражэнне ў вайне падштурхнула нямецка-фашысцкіх захопнікаў да іншых карных аперацый, якія сцёрлі з зямлі сляды іх злачынстваў - месцы масавага знішчэння. А іх на тэрыторыі Беларусі з пачатку вайны налічваліся сотні.

На сумную статыстыку і тое, што стаіць за ёй, зірнула Наталля Бардзілоўская.

Яшчэ да вайны гітлераўцы распрацавалі план «Ост», згодна з якім 75% беларусаў павінны былі быць знішчаны і толькі 25% пакінуты жывымі, але ў якасці рабоў. Для рэалізацыі свайго плана акупанты выкарысталі стратэгію лагераў смерці, якіх на нашых тэрыторыях заснавалі болей за 260.

У экспазіцыі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – карта, густа ўсеяная геаграфічнымі назвамі і лічбамі. Гэта назвы вялікіх і малых населеных пунктаў Беларусі, пад кожнай – адпаведная колькасць забітых. Фабрыкі знішчэння фашысты рабілі жудасна разнастайнымі: былі лагеры прымусовыя, працоўныя, перасыльныя. Лагеры для ваеннапалонных, мірных жыхароў, для дэпартаваных з Еўропы. Лагеры для дарослых, для дзяцей і для цэлых сем'яў: у Парычах і Чырвоным Беразе ў дзяцей ад 8 да 14 гадоў забор крыві рабілі да таго часу, пакуль дзіцёнак не паміраў. Яшчэ адна група, якая станавілася ахвярай жудасных даследаванняў і першаснага знішчэння - псіхічнахворыя людзі. Так, у Магілёве на базе мясцовага псіханеўралагічнага шпіталя захопнікі на пачатку вайны ўдасканальвалі ўздзеянне атрутнага газу на чалавека. Сюды ж масава дастаўлялі крэмацыйныя печы. Першапачаткова ў намерах ворага была думка менавіта горад на Дняпры зрабіць цэнтрам знішчэння на беларускіх землях. Пазней па лагістыцы абралі Мінск. Першы мясцовы лагер – у раёне сучаснай Вяснянкі.

Ёсць сведчанні: да ліпеня 1941 сюды прыходзілі нямала мясцовых жыхароў. Яны хлусілі: «Гэта мая сястра, гэта мой брат» і за грошы, хатнюю жывёлу і прадукты выкупалі вязняў. Цяпер на месцы першага Мінскага лагера смерці пустэча. Пад бярозамі недалёка ад Свіслачы – асфальтаваная пляцоўка і камень-помнік. Аўтары камернага мемарыяла - мясцовыя школьнікі. Лагер тут праіснаваў не больш за дзесяць дзён. Пасля рассартавання 10 тысяч людзей расстралялі, астатніх размеркавалі ў Мінскае гета і лагер Шталаг 352. Памяць аб ім у Масюкоўшчыне, былой ускраіне Мінска. З імёнамі тут лепш. Вызначаны 9 тысяч прозвішчаў, але толькі 9 з 80 тысяч загінуўшых. Самы буйны лагер для ваеннапалонных у Беларусі, ён жа – самы жорсткі.

У жніўні 1943 года Беларусь, больш дакладна, Мінск з інспекцыяй наведаў Гімлер. Глядзеў Масюкоўшчыну, Навінкі, Мінскае гета. Вынікам візіту стала ўдасканальванне «культуры забойства». Каб не ламаць псіхіку нямецкіх афіцэраў масавымі расстрэламі, былі пастаўленыя на паток машыны-душагубкі. Яны курсіравалі паміж Мінскам і Трасцянцом. У апошні шлях везлі на два трасцянецкія ўрочышчы-філіялы: у Благаўшчыну, дзе карніцкія спецгрупы расстрэльвалі, і Шашкоўку, дзе спальвалі людзей.

Ад плошчы жыцця праз вагоны-сімвалы да плошчы смерці і на могілкі – гэта новы мемарыял у Благаўшчыне, які павінен перадаць сучасніку трагізм апошняга шляху 150 тысяч вязняў. Архітэктурны праект на сучасным ландшафце - напярэдадні свайго адкрыцця.