73 даследчыя работы школьнікаў прэзентавалі ў фінале конкурсу "Бел-сіф"

22 февраля 2016

Разумныя машыны, сакрэты шыфравання, альтэрнатыўныя крыніцы святла і цяпла. 73 лепшыя даследчыя работы школьнікаў з усёй краіны прэзентавалі ў фінале навукова-інжынернага конкурсу "Бел-сіф".

На кірмашы ўдзельнікі атрымалі не толькі вопыт, але і паспаборнічалі за білет на міжнародны конкурс юных навукоўцаў, які штогод праходзіць у ЗША. Летась прадстаўнікі нашай краіны атрымалі на ім некалькі ўзнагарод. Сюжэт Наталлі Кузьміцкай.

У навукова-інжынерным конкурсе вучань 11-й сярэдняй школы горада Слуцка Уладзіслаў Гадалаў удзельнічае ўжо не першы раз. Летась работа юнага інфарматыка - праграма абароны інтэрнэт-звестак - спачатку перамагла на рэспубліканскім конкурсе, а пасля была адзначана спецпрызам на міжнародным кірмашы інавацыйных праектаў у амерыканскім Пітсбургу. Сёлета праграміст распрацаваў сістэму, якая дазволіць пашырыць апаратныя і праграмныя магчымасці любога камп'ютарнага прыстасавання.

Ніводная работа не засталася без увагі, у кожнай секцыі быў абраны пераможца. Самыя перспектыўныя праекты - аэрадынамічная мадэль лятальнага апарата, рэчыва для папярэджання лясных пажараў і работа, прысвечаная фагатэрапіі (лячэнню бактэрыяльных захворванняў пладовых раслін), - журы вызначыла для прэзентацыі на міжнароднай навуковай пляцоўцы ў ЗША.