70% злачынстваў прыпадае на долю людзей, якія не працуюць

23 января 2015

Звычкі, лад жыцця - усё гэта закладваецца ў дзяцінстве. І задача сістэмы адукацыі, у тым ліку - выхаваць годнага грамадзяніна, сацыяльна актыўнага, арыентаванага на сям'ю, самарэалізацыю, кар'еру. Бо паводле статыстыкі, 70% злачынстваў прыпадае на долю людзей, якія не працуюць. Гультайства, бяздзейны лад жыцця і алкаголь - самыя распаўсюджаныя прычыны, з-за якіх людзі аказваюцца на лаве падсудных. У міліцыі лічаць: менавіта стабільная праца здольная дапамагчы чалавеку пачаць жыццё зноў. Вікторыя Патоня сустрэлася з тымі, хто не выпускае шанец выправіцца.

На смеццеперапрацоўчым заводзе Іван Гальцоў працуе вось ужо паўгода, сартуе металалом. У яго мінулым - алкаголь і злачынства, а потым турма. Сёння мужчына імкнецца за працу трымацца. Прытрымліваецца дысцыпліны і дакладна выконвае абавязкі.

Можна сказаць, што Івану пашанцавала: працадаўца ўзяў яго на завод. Бо ўладкавацца на працу людзям з крымінальным мінулым няпроста. Гэта зразумеў яшчэ адзін брастаўчанін Аляксандр. Восем гадоў жыцця ён правёў па-за домам, тройчы ўчыняў злачынствы і быў судзімы. А калі азірнуўся - застаўся зусім адзін.

Руку дапамогі такім людзям працягвае міліцыя. Вартавыя правапарадку гавораць: дапамагаем кожнаму, хто памыліўся. Як правіла, прыходзіцца аднаўляць дакументы, дапамагаць уладкоўвацца, нярэдка - лячыць ад алкагалізму і наркаманіі. Вось толькі не ўсе гэтую дапамогу гатовыя прыняць і выправіцца.

А для тых, хто згодзен, у цэнтрах занятасці існуе рэзерв. За год толькі ў Брэсцкай вобласці гэта амаль паўтары тысячы працоўных месцаў на прадпрыемствах. Каб атрымаць накіраванне на працу, трэба прыйсці з пашпартам, запоўніць такі вось бланк і самае галоўнае - мець жаданне працаваць.

Яшчэ адна сацыяльная гарантыя ад дзяржавы - перанавучанне. Але гэтым правам можна скарыстацца толькі аднойчы. Таму яшчэ адна схема па барацьбе са злачыннасцю выглядае так. Наяўнасць працоўных месцаў, жаданне судзімых працаваць і жаданне кіраўніка прыняць такіх людзей у калектыў - пры збегу ўсіх гэтых акалічнасцяў можна дабіцца выніку.