Асаблівая патрэба ў фельчарах, настаўніках, бібліятэкарах. Хто мае права застацца ў сталіцы і чаму кар’ерны рост хутчэйшы на перыферыі, разбіралася Марына Мураўёва.
Дыпломныя работы яшчэ не дапісаныя, але большая частка сталічных выпускнікоў дакладна ведае месца сваёй працы. Тэрмін у кожнага свой. Па звычайным дзяржаўным размеркаванні трэба адпрацаваць два гады. Размяркоўваюць у першую чаргу ў раённыя цэнтры і вёскі. Тры гады адпрацоўкі чакае тых выпускнікоў, хто мае мэтавае размеркаванне. Напрыклад, сталічны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у большасці сваёй працуе адпаведна заяўкам арганізацый і калектываў.
Сёлета на тры з паловай сотні выпускнікоў прыйшло больш за 800 заявак. Атрымліваецца, што на кожнага маладога спецыяліста прэтэндуюць адразу два працадаўцы.
У рэгіёнах галоўны пернік для маладых спецыялістаў - інтэрнаты і так званыя пад'ёмныя. Скарыстацца такой магчымасцю не супраць і Анастасія. Будучага бібліятэкара турбуюць пытанні жылля. Сталіцу, прызнаецца дзяўчына, не пацягне.
Анастасія Рашчыкава, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: Размеркавацца дадому, у Віцебск, бліжэй да бацькоў. Там прасцей. Надакучыў Мінск. Мне падаецца, тут занадта складана. І ў плане жылля, і ў плане грашовым.
Перспектывы размеркавання ў раённыя клубы, сельскія бібліятэкі, дамы культуры і рамёстваў вабяць не ўсіх. Але вольны дыплом атрымліваюць толькі тыя, хто плаціў за вучобу з уласнай кішэні. Большая частка жадае пакарыць сталіцу.
Вікторыя Вашчынчук, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: Я прыехала з Оршы. Паступаць ва ўніверсітэт. Паступіла і хачу, вядома ж, застацца ў Мінску па размеркаванні. Таму што нашмат больш перспектыў. І вучыцца, і неяк развівацца… больш магчымасцяў.
Скарыстацца магчымасцямі Мінска па дзяржаўным размеркаванні могуць толькі 30% выпускнікоў.
Нягледзячы на заяўкі і тэрміны, камісіі па размеркаванні ў першую чаргу прымаюць пажаданні выпускнікоў. Выкладчыкі лічаць, што для атрымання як прафесійнага, так і жыццёвага вопыту не трэба баяцца маленькага горада, дзе таксама ёсць вялікія перспектывы.














