70 гадоў таму яна паведаміла ў Маскву навіну аб капітуляцыі Германіі

8 мая 2015

Любоў Пудоўкіна падчас Вялікай Айчыннай вайны была адной з лепшых тэлеграфістак. І стала той, каго выбралі для выканання асабліва важнага даручэння, за якое старшы сяржант Пудоўкіна была прадстаўленая да ўзнагароды - ордэна Чырвонай Зоркі.

Пра незабыўную паездку ў Карлхарст і свае ўласныя эмоцыі Любоў Пудоўкіна расказала Вользе Халадовіч. У рады Чырвонай арміі 21-гадовая Люба Пудоўкіна ўступіла добраахвотна ў 1942 годзе. Служыла тэлеграфісткай у Маскве, стала камандзірам свайго аддзялення, атрымала званне старшага сяржанта. Увесь гэты час хацела трапіць у дзеючую армію. У 1944-м мара здзейснілася - Люба Пудоўкіна аказалася ў штабе I Беларускага фронту.

Медалі "За вызваленне Варшавы", "Узяцце Берліна" і "За перамогу над Германіяй", ордэны Вялікай Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі. Гэта спіс узнагарод адной з лепшых тэлеграфістак. А яшчэ сем падзяк ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

2 мая Любоў Пудоўкіна распісалася на Рэйхстагу. Зрабіць гэта было няпроста, тады ў Берліне яшчэ працягваліся баі. А 8 мая 1945 яе выклікалі ў штаб. Для выканання асабліва важнага задання.

8 мая ў 22 гадзіны 43 хвіліны па цэнтральнаеўрапейскім часе (у Маскве гэта было ўжо 9 мая і 0 гадзін 43 хвіліны) падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі. І адразу ж навіна з лёгкай рукі тэлеграфісткі Любові Пудоўкінай паляцела ў Маскву.

Інфармацыю пра адну з лепшых сувязістак Вялікай Айчыннай Любу Пудоўкіну адшукаў у Інтэрнэце яе ўнук. Зараз гэты ўзнагародны ліст - гонар і сямейная рэліквія.

Пра баявое мінулае Любоў Пудоўкіна з трапятаннем распавядае сваім родным. Прычым, не ўпускае ніводнай дэталі. Яе Перамога пачалася роўна 70 гадоў таму, калі сувязістка перадала ў Маскву самае галоўнае паведамленне ў сваім жыцці.