68-ы Дзень Перамогі быў адзначаны ў Беларусі шэсцем

9 мая 2013

Захаваць праўду пра Вялікую Айчынную і легендарны подзвіг савецкага народа - святая місія. Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску. 68-ы Дзень Перамогі быў адзначаны ў Беларусі шэсцем. Вышэйшае кіраўніцтва краіны, ветэраны, воіны-інтэрнацыяналісты, моладзь прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі ў Мінску. На чале святочнай калоны па традыцыі Прэзідэнт Беларусі. Белтэлерадыёкампанія вяла прамую трансляцыю ўрачыстасцяў.


Расказвае Іван Міхайлаў: Ад  плошчы Кастрычніцкай  да Перамогі!  Больш сімвалічнага шляху для шэсця ў памяць тых, хто падарыў нам мірнае неба, цяжка прыдумаць. 3 гады 8 месяцаў і 18 дзён, амаль  26 з паловай  мільёнаў загінуўшых… Вялікая Айчынная вайна стала самай разбуральнай і крывавай у гісторыі чалавецтва. І гэты  амаль кіламетр, які краіна разам з ветэранамі кожнае 9 Мая праходзіць па цэнтральным праспекце беларускай сталіцы,  увасабляе шлях нашых дзядоў і прадзедаў да  Вялікай Перамогі. Беларусь паважае традыцыі і народную памяць. У святочным шэсці  каля 10 тысяч чалавек і ў дзясяткі разоў больш гледачоў. Ветэраны, працоўныя калектывы, моладзь. Памяць пераможцаў у беларускай дзяржаве перадаецца з пакалення ў пакаленне.  Жывіце доўга - гэтае пажаданне гучала сёння  часцей за іншыя. У шаноўным  узросце ўжо  нават дзеці вайны, не гаворачы пра  ветэранаў. Але яны па-ранейшаму  маладыя. Але асноўная частка святочнай калоны - пешая. Пачатак руху роўна  ў 11. І разам з ветэранамі -  Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка  прыбыў з малодшым сынам. Яго сустрэлі дзеці, ветэраны, а таксама касманаўт Алег Навіцкі. Беларускі заваёўнік  глыбінь космасу паднёс Кіраўніку госудрства сімвалічны падарунак. Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў святочнае шэсце, і гэтыя сімвалічныя некалькі соцень крокаў прайшоў разам з ветэранамі. Сёлета ў калоне - 13 баявых удзельнікаў Вялікай Айчыннай.  Пра многіх з гэтых людзей ужо напісаныя кнігі. Яны героі нашых рэпартажаў. У парадным страі - картэж з аўтамабіляў УАЗ. Наперадзе над калонай узвышаюцца Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, Сцяг Перамогі і сцяг, пад якім ішлі ў бой ветэраны - Дзяржаўны флаг СССР. За імі - штандары з найменнямі франтоў і баявыя сцягі воінскіх часцей і партызанскіх атрадаў. У калоне і  жалобная 24-метровая гірлянда з елкі і жывых кветак. Яе нясуць, каб ускласці ля падножжа манумента на плошчы Перамогі курсанты лётна-тэхнічнага каледжа. І гэтае шэсце можна назваць адным з самых масавых за гісторыю суверэннай Беларусі. Кожны год у гэты дзень на праспекце Незалежнасці -  мора кветак.  Яшчэ больш іх - на плошчы Перамогі. Тут усталяваны адзін з галоўных сімвалаў беларускай сталіцы - манумент Перамогі. І гэта святое месца для беларусаў.  Ля падножжа манумента - пастаменты з капсуламі з зямлёй гарадоў-герояў Савецкага Саюза, як напамін, што гэтую перамогу мы здабывалі разам. Па традыцыі  першы вянок да манумента кладзецца ад  Кіраўніка дзяржавы. Даніну памяці загінуўшым у гады Другой сусветны аддаюць  кіраўніцтва  ўрада,  спікеры абедзвюх палат беларускага  парламента,  прадстаўнікі судовай улады,  іншыя службовыя асобы, кіраўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў,   прадстаўнікі замежнага дыпкорпуса.  Беларусь сустрэла  68-ю гадавіну  Вялікай Перамогі,   пачаў сваё святочнае выступленне Аляксандр Лукашэнка.  Наша  незалежная  дзяржава  захавала памяць пакаленняў пераможцаў. Вайна - самае страшнае злачынства супраць чалавецтва, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. І зараз на розных кантынентах успыхваюць  войны,  праліваецца кроў.  Памяць пакаленняў пераможцаў патрэбная і для таго, каб  Беларусь  магла развівацца далей з высока ўзнятай галавой.  Аляксандр Лукашэнка  павіншаваў усіх са святам. Урачыстым маршам, аддаючы памяць героям Вялікай Айчыннай вайны,  па плошчы Перамогі прайшла рота ганаровай варты. Такая перамога  ёсць не ў кожнага народа! У Беларусі  ніхто не забыты, нішто не забыта.  Па традыцыі Кіраўнік дзяржавы  цёпла пагутарыў з ветэранамі, а таксама адказаў на пытанні журналістаў.